Біскупы Эквадора аднавілі намаганні ў будаванні дыялогу
Ян Глінскі - Vatican News
У мінулую нядзелю ў порце горада Гуаякіль адбыўся чарговы замах. Ад выбуховага прыстасавання, закладзенага бандыцкай групіроўкай, загінулі 5 чалавек, каля 30 атрымалі раненні.
У розных рэгіёнах Эквадора надалей нарастае насілле. Апошнія два гады ў грамадстве адбываюцца пратэсты, якія ўзмоцніліся ў 2022 г. Жыхары Эквадора патрабуюць зніжэння коштаў на паліва, а таксама большага інвеставання ў адукацыю і службу здароўя.
Большасць з пратэстаў суправаджаецца крывавымі сутычкамі з паліцыяй, у выніку якіх гінуць людзі, а сотні атрымліваюць раненні. У апошнія тыдні ўзмоцніліся пратэсты супраць дзеючай улады.
Каталіцкія біскупы Эквадора ўсяляк спрыяюць таму, каб наладзіўся дыялог у грамадстве. Іерархі ўжо на працягу месяца спадарожнічаюць спатканням, арганізаваным ва ўніверсітэтах, у якіх прымаюць удзел грамадскія і прафесійныя таварыствы, а таксама прадстаўнікі ўрада. Мэта дадзеных захадаў – стварыць пляцоўку для размовы бакоў і ўзгадніць меры па выпраўленні сітуацыі.
У прэс-рэлізе біскупы заклікаюць да цярплівасці: “Узнятыя пытанні вынікаюць з сацыяльнай рэчаіснасці, пазначанай занядбаннем і беднасцю. Прапанаваныя рашэнні не заўсёды адпавядаюць выклікам і патрэбам. Часам […] мы ўпэўнены, што не ідзём наперад. Але няма нічога больш памылковага”.
Іерархі заклікалі ўрад і арганізацыі карэннага насельніцтва “не дазволіць, каб нейкая палітычная калькуляцыя або лакальныя інтарэсы стрымалі іх на шляху дыялогу – адзінага спосабу абараніць краіну ад бяздзейнасці, хаосу і насілля”.
“Кожны павінен прыняць гістарычную адказнасць за стварэнне палітыкі, якая, ставячы ў цэнтры чалавечую асобу, у стане ўспрымаць разнароднасць не як зло, якое трэба адкінуць, але як нагоду для ўзаемнага ўзбагачэння”, – падсумавалі біскупы Эквадора.