Кардынал Оскар Марадзьяга Кардынал Оскар Марадзьяга 

Папскі саветнік: рэформа Рымскай курыі з’яўляецца незваротнай

Папа склікае кардыналаў з усяго свету, каб перавесці рэформу Рымскай курыі ў плоскаць дыяцэзіяльных курый, - звярнуў увагу кардынал Оскар Марадзьяга ў інтэрв’ю іспанскаму штотыднёвіку Alfa y Omega.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Каардынатар Рады кардыналаў, якая кансультуе Святога Айца ў кіраванні Касцёлам, падкрэсліў, што што рэформа, “крытэрыем якой з’яўляецца не ўлада, а служэнне”, стала незваротнай, дадаўшы, што “ў каробцы перадач Духа Святога няма задняга ходу”. Гаворка не ідзе пра “рэформу дакумента”, Апостальскай канстытуцыі Pastor bonus з 1988 года, якая, дарэчы, дзейнічае дагэтуль, але ўдасканаленне некалькіх сфер.

Першая – сфера эканомікі, у якой, паводле гандураскага іерарха, панаваў “сапраўдны беспарадак”. Вынікам гэтай працы стала стварэнне “ўзмоцненага Міністэрства фінансаў, якім на сёння з'яўляецца Сакратарыят па эканамічных пытаннях”. Неабходна было таксама рэарганізаваць “славуты IOR”, вядомы як Ватыканскі банк. Гэтыя змены, “несумненна, сталі адным з вялікіх дасягненняў” і ўжо прынеслі вынікі: празрыстасць і падсправаздачнасць, адпаведнасць стандартам Еўрапейскага саюза і Moneyval, больш кваліфікаваны і прафесійны персанал, камандная праца, якая дапамагае пазбегнуць парушэнняў. Затым папскія кансультанты перайшлі да рэфармавання "розных галін СМІ". “На гэтым шляху паступова ўзнікла Апостальская канстытуцыя Praedicate Evangelium”, - патлумачыў кардынал.

Ён прызнаў, што існаваў супраціў зменам у выніку “натуральнай схільнасці людзей да таго, што бяспечна”. “Яшчэ адным спрэчным момантам стала сувязь новых ідэй, якія ўзніклі (напрыклад, з прэамбулы), з жорсткасцю канонаў Кананічнага права. Дзякуй Богу, размовы прайшлі ў атмасферы хрысціянскай любові і без асаблівых праблем. Вядома, гэта не азначае, што ўсе мы думаем аднолькава”, - падкрэсліў Марадзьяга.

Рада кардыналаў па дапамозе Святому Айцу ў кіраванні Касцёлам заўсёды пачынала сваю працу з цэлебрацыі Эўхарыстыі і малітвы. Больш за тое, “пастаянная прысутнасць Святога Айца” заахвочвала іерархаў рухацца наперад. “Падтрымка Папы была прынцыповай: ён ніколі не адступае, нават калі перад ім стаіць сцяна апазіцыі. Ён мае вялікую веру”, - прызнаўся арцыбіскуп Тэгусігальпу.

Ён патлумачыў, што сустрэча ўсіх кардыналаў у Ватыкане, якую Пантыфік склікаў на канец жніўня 2022 года і якая будзе прысвечана тэме Praedicate Evangelium, вынікае з саміх прынцыпаў рэформы. Рымская курыя служыць у тым ліку і біскупскім канферэнцыям, таму вельмі важна, каб усе не толькі дэталёва пазнаёміліся з новай канстытуцыяй, але і скарыстоўвалі ў дыяцэзіяльных курыях.

Папскі саветнік лічыць, што “адным з самых складаных для разумення і прыняцця” элементаў рэформы можа быць тое, што “Касцёл – гэта не толькі іерархія і ўлада кіравання”. Цяпер таксама свецкія вернікі, жанчыны і мужчыны, могуць стаць прэфектамі дыкастэрый. Няма сур'ёзных прычын, па якіх структуры Святога Пасаду абавязкова павінны ўзначальваць кардыналы. У любым выпадку, функцыяй Калегіі кардыналаў з’яўляецца кансультаванне Папы па пытаннях кіравання паўсюдным Касцёлам і абранне новага Пантыфіка на магчымым канклаве. Гэта не мяняецца.

Спасылаючыся на празмерную бюракратыю, успадкаваную ад італьянскай сістэмы, і недахоп прафесіяналізацыі супрацоўнікаў, кардынал Марадзьяга падкрэсліў, што хоць канстытуцыя ўжо ўвайшла ў сілу, змены ў гэтай сферы не адбудуцца зараз жа. Але ўсё “паступова мяняецца”, і трэба рухацца ў гэтым кірунку, удасканальваючы тое, што існавала на працягу доўгага часу.
 

02 жніўня 2022, 10:48