Апостальскі нунцый Вісвальдас Кульбокас Апостальскі нунцый Вісвальдас Кульбокас  

Пасланнік папы Францішка даручыў Украіну Багародзіцы

Апостальскі нунцый Вісвальдас Кульбокас аднавіў даручэнне Украіны Маці Божай. Гэта адбылося ў адэскай катэдры падчас каранацыі абраза Багародзіцы папскімі каронамі.

Аляксандр Амяльчэня – Vatican News

Жэст накладання карон на выявы Марыі глыбока ўкаранёны ў традыцыі Касцёла. Святога Айца просяць благаславіць кароны толькі ў самыя важныя і ўрачыстыя моманты. Такі час перажывае цяпер Украіна.

“Мы ведаем, што Папа пры кожнай нагодзе моліцца і заклікае аб міры на нашай Радзіме, і што ён сэрцам з нашым народам. Кароны, якія ён асвяціў, з’яўляюцца знакам яго блізкасці”, - падкрэсліў арцыбіскуп Кульбокас.

У інтэрв’ю Vatican News ён заўважыў, што праз гэты чын вернікі просяць Багародзіцу ўратаваць сэрцы ўкраінцаў ад нянавісці і напоўніць іх адвагай. “Украінскі народ зноў давярае Маці Божай свае клопаты, звязаныя з вайной, давярае асабліва ахвяр расійскіх нападаў і разлучаныя сем’і”, - адзначыў іерарх.

“У такой драматычнай сітуацыі нам нічога не застаецца, як даверыцца Маці Божай, нашай апякунцы. Падчас гэтай жорсткай вайны, асабліва на ўсходзе і поўдні краіны, кожная перажытая ноч – нагода падзякаваць Богу. Думаю, што такія абставіны падштурхоўваюць нас да больш інтэнсіўнага духоўнага жыцця”, - заўважыў арцыбіскуп Кульбокас.

Ён дадаў, што перад абліччам такога маштабу зверстваў існуе спакуса пазбавіцца ўнутранага спакою і напоўніць сэрца нянавісцю. “Многія святары кажуць мне, што трэба шмат маліцца, каб не стаць падобнымі да агрэсара, не стаць падобнымі да гэтых сейбітаў смерці. Калі ахвяра становіцца роўнай кату, поўнай нянавісці, то з духоўнага пункту гледжання яна прайграла. Таму гэтая малітва з’яўляецца таксама просьбай аб заступніцтве Марыі, каб нашы сэрцы напоўніліся не нянавісцю, а мужнасцю, цярплівасцю, духам мучаніцтва і даверам да Пана”, - звярнуў увагу папскі пасланнік ва Украіне.
 

16 жніўня 2022, 12:39