Сусветная супольнасць рэфармацкіх Цэркваў адкрывае офіс у Рыме
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
“Існуе моцная ўзаемная зацікаўленасць у працягванні дыялогу з Каталіцкім Касцёлам”, - адзначыў Генэральны сакратар арганізацыі Ханс Лесінг у размове з агенцтвам KNA.
Рымскі офіс будзе дзейнічаць у супрацоўніцтве з Вальдэнскай Царквой і Прэсвітэрыянскай Царквой Шатландыі. На чале з прадстаўніком шатландскага духавенства ён будзе займацца кантактамі супольнасці з Дыкастэрыяй спрыяння хрысціянскаму адзінству і іншымі ўстановамі Святога Пасаду.
Лесінг адзначыў, што “вялікім пытаннем экуменізму” заўсёды было: “Ці трэба чакаць, пакуль усе самыя складаныя пытанні аднойчы будуць вырашаны? А можа існуюць прамежкавыя вынікі, дастаткова моцныя, каб дазволіць зараз будаваць некаторыя формы супольнага касцёльнага жыцця і хрысціянскага сведчання?”.
Сусветная супольнасць рэфармацкіх Цэркваў (WCRC) з цэнтрам у Гановеры аб'ядноўвае каля 100 мільёнаў хрысціян па ўсім свеце. Яны належаць да 230 рэфармаваных Цэркваў у 108 краінах.