11.jpg

Тыдзень у Беларусі – важнае

Агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

У санктуарыі Пінскай дыяцэзіі адзначылі 25-гадовы юбілей каранацыі абраза Маці Божай Лагішынскай, Каралевы Палесся. На фэст, які прайшоў 12-13 жніўня 2022 года, пешкі ў Лагішын прыйшлі звыш 250 вернікаў – з Баранавічаў і Бярозы. Чвэрць стагоддзя таму каранацыю цудадзейнага абраза папскімі каронамі здзейсніў Сведка веры кардынал Казімір Свёнтэк.

Трэцяя пешая пілігрымка адбылася з Мазыра ў Гомель. Святары і звыш 20 свецкіх вернікаў ішлі з 3 па 9 жніўня 2022 года каля 170 кіламетраў да Маці Божай Гомельскай, абраз якой знаходзіцца ў капліцы на месцы будаўніцтва касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Арганізаваў пілігрымку пробашч гэтай парафіі айцец паўлін Леанард Адушкевіч. Вернікі ішлі з абразамі Маці Божай Гомельскай, Чэнстахоўскай і Юравіцкай.

У Дзеркаўшчыне і Глыбокім прайшла VІ Парафіяда дзяцей і моладзі Віцебскай дыяцэзіі. 9-10 жніўня 2022 года тут сабраліся юныя прадстаўнікі мясцовых парафій, а таксама госці з Віцебска, Варапаева і Лынтупаў. Сёлетняя фармацыя дзяцей і моладзі паводле трыяды стадыён–тэатр–святыня праходзіла на тэматыку Маці Божая, Якая развязвае вузлы людскога жыцця, маліся за нас! Святую Імшу на распачацце парафіяды цэлебраваў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі.

Тым часам у Слоніме прайшоў спартыўны летнік для каталіцкай моладзі. Хлопцы і дзяўчаты з Баранавічаў, Глыбокага, Гродна, Мастоў і Слоніма на пачатку жніўня 2022 года сустрэліся, каб паспрабаваць свае сілы ў прафесійных трэніроўках па футболе. Арганізатарам летніка стаў ксёндз Артур Малафей, а спартыўную частку мерапрыемства праводзілі трэнеры футбольнага клуба «Слонім» і гомельскага «Лакаматыва».

У Лебедзеве арцыбіскуп Юзаф Станеўскі маліўся аб новых пакліканнях. 7 жніўня 2022 года Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі наведаў мясцовую парафію Найсвяцейшага Сэрца Езуса – у гэтыя дні тут павінны былі прайсці рэкалекцыі па распазнанню паклікання для юнакоў, але ахвотных не знайшлося. Падчас святой Імшы ў інтэнцыі новых пакліканняў іерарх прасіў Пана, каб маладыя людзі не баяліся адчыніць дзверы свайго сэрца для Хрыста.

Адпустовыя ўрачыстасці ў Новай Мышы і Вароне ўзначалілі іерархі. 6 жніўня 2022 года, у дзень Перамянення Пана, найстарэйшы каталіцкі іерарх у Беларусі, генеральны вікарый Пінскай дыяцэзіі біскуп Казімір Велікаселец служыў Эўхарыстыю ў Новай Мышы. А 11 жніўня ў капліцы святой Філамэны ў мястэчку Варона цэлебрацыю святой Імшы ўзначаліў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі.

Падрыхтавана паводле catholicnews.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.
 

13 жніўня 2022, 10:34