Завяршыўся фестываль хрысціянскай моладзі Сярэдняй Азіі
Ян Глінскі - Vatican News
Моладзь з Кыргызстана, Казахстана, Узбекістана і сібірскай часткі Расіі разам малілася і адпачывала ў езуіцкім цэнтры над возерам Ісык-Куль. Сустрэча была прысвечана тэме ўдзелу ў жыцці Касцёла і хрысціянскай ідэнтычнасці. Сваімі думкамі і досведам дзяліліся арганізатары – свецкія і духоўныя лідары. Падчас прац у групах былі прадстаўлены сацыяльныя праекты.
“Я перакананы, што для моладзі гэта была вялікая падзея ў плане веры, бо католікі і ўвогуле хрысціяне тут у значнай меншасці, – адзначыў айцец Рафал Булоўскі, адзін з арганізатараў сустрэчы. – Гэта было свята радасці, свабоды і веры для маладых католікаў Сярэдняй Азіі”.
Маладыя хрысціяне, сярод якіх былі не толькі католікі, ва ўмовах канфрантацыі разважалі пра тоеснасць хрысціянства ў Сярэдняй Азіі, а таксама пра тое, што значыць быць Касцёлам у наш час. “Мы працавалі над гэтай тэмай разам, выкарыстоўваючы самыя розныя спосабы, – дадаў езуіт. – У рамках працы ўзніклі таксама надзвычай крэатыўныя сацыяльныя праекты. Моладзь прадставіла шэсць праектаў, у якіх дзялілася сваімі ідэямі адносна дапамогі людзям старэйшым і самотным, а таксама дзецям і непаўналетнім з нешчаслівых і разбітых сем’яў. Гэта дало прастору для мыслення пра Касцёл як жывую рэчаіснасць, якая штосьці нясе ў іх штодзённасць, што мае так няшмат супольнага з хрысціянствам”.
У межах фестывалю моладзь таксама мела магчымасць адпачыць на прыродзе і паўдзельнічаць у трохдзённым падарожжы ў горы.
Арганізатары сустрэчы выказваюць надзею на магчымасць арганізаваць фестываль над возерам Ісык-Куль і ў наступным годзе.
Айцы з Таварыства Езуса працуюць у Кыргызстане з 90-х гадоў. Мясцовая супольнасць складаецца з маладых, але ў той жа час дасведчаных місіянераў, якія ўвесь час падарожнічаюць ад супольнасці да супольнасці ў Сярэдняй Азіі і Сібіры.