11.jpg

Тыдзень у Беларусі – важнае

Агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

Прадстаўнікі беларускага Касцёла прынялі ўдзел у сустрэчы з Папам Францішкам у Казахстане. 14 верасня 2022 года, у свята Узвышэння Святога Крыжа, Пантыфік цэлебраваў святую Імшу, у якой удзельнічалі старшыня біскупскай канферэнцыі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч і старшыня Сінадальнай камісіі біскуп Аляксандр Яшэўскі. Назаўтра, у рамках асабістай сустрэчы Францішка з яго сабратамі з Таварыства Езуса са Святым Айцом размаўлялі езуіты, якія працуюць у Віцебску: айцец Клеменс Верт і айцец Віктар Жук.

У Мінску з удзелам арцыбіскупа Юзафа Станеўскага прайшла міжрэлігійная сустрэча на тэму Каштоўнасць міра і адзінства. Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі распачаў форум, які адбыўся 14 верасня 2022 года ў касцёле святога Сымона і святой Алены. Тут сабраліся прадстаўнікі хрысціянскіх канфесій, юдаізму і ісламу.

Новы каталіцкі храм асвяцілі ў Гродзенскай дыяцэзіі. 11 верасня 2022 года біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч здзейсніў асвячэнне касцёла Святой Сям’і ў Верцялішках. Будавалі святыню з 2007 года. На ўрачыстасці асвячэння сабраліся парафіяне і госці, святары, сёстры Кангрэгацыі Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта.

Цудадзейны абраз Маці Божай Друйскай вярнуўся на сваё гістарычнае месца. Гэта адна з найстарэйшых святынь Браслаўшчыны. 10 верасня 2022 года парафія Найсвяцейшай Панны Марыі Шкаплернай у Ідолце перадала парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Друі цудадзейны абраз. Напісаная напрыканцы XVII стагоддзя ікона на працягу апошніх 80-ці гадоў захоўвалася ў Ідолце. Пасля сустрэчы абраза ў Друі ўрачыстую цэлебрацыю Эўхарыстыі тут узначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.

Біскуп Антоній Дзям’янка здзейсніў шэраг прызначэнняў у Пінскай дыяцэзіі. У прыватнасці, з 10 верасня 2022 года новым дырэктарам Дабрачыннай каталіцкай місіі Карытас-Міласэрнасць у Гомелі стаў айцец Леанард Адушкевіч. Ксёндз Павел Мазан прызначаны прадстаўніком дыяцэзіі ў Мітрапалітальным касцёльным судзе ў Мінску. Ксёндз Юрый Варанко распачаў служэнне як пробашч парафій у Мазыры і Калінкавічах, а адтуль на яго месца пробашча парафіі Нараджэння Божай Маці ў Гомелі прыйшоў ксёндз Аляксандр Канановіч.

У Будславе з удзелам арцыбіскупа Юзафа Станеўскага адбылася сустрэча выпускнікоў, навучэнцаў і выкладчыкаў Мінскага тэалагічнага каледжа. Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі цэлебраваў святую Імшу ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай 10 верасня 2022 года на сустрэчы, спалучанай з цырымоніяй інаўгурацыі 13-га навучальнага года ў Мінскім тэалагічным каледжы імя святога Яна Хрысціцеля.

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.
 

17 верасня 2022, 10:32