Імша падчас Сінода па Амазоніі Імша падчас Сінода па Амазоніі 

Амазонская касцёльная канферэнцыя прадставіла Папу новы статут

Рада Амазонскай касцёльнай канферэнцыі сустрэлася з Папам і прадставіла яму новы статут. Аб гэтым паведаміў кардынал Пэдра Барэта, старшыня структуры і арцыбіскуп перуанскага Уанкаё.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У Раду Канферэнцыі, акрамя кардынала Барэта, уваходзяць кардынал Леанарда Ульрых Штайнер, арцыбіскуп бразільскага Манауса, і Маўрысіа Лопэс, абодва віцэ-старшыні.

Статут новай касцёльнай адзінкі падкрэслівае яе амазонскую і эклезіяльную ідэнтычнасць. Як паведаміў кардынал Барэта, дакумент грунтуюцца на “вучэнні Другога Ватыканскага Сабору, асабліва на яго эклезіялогіі народа Божага, якая змяшчаецца ў дагматычнай канстытуцыі аб Касцёле Lumen gentium, утрымлівае прынцыпы місіі, выражанай у Пастырскай канстытуцыі аб Касцёле ў сучасным свеце Gaudium et Spes. Ён таксама прадугледжвае выніковы дакумент Сінода па Амазоніі і Апостальскую адгартацыю Querida Amazonia”.

Падчас сустрэчы Маўрысіа Лопес праінфармаваў Пантыфіка аб прагрэсе ў рэалізацыі ўніверсітэцкай праграмы ў рэгіёне Амазонкі і распавёў аб інаўгурацыі кафедры імя кардынала Клаўдыё Хумэса, якая прайшла 24 жніўня 2022 года ў Кіта. Францішак прызнаўся, што менавіта гэты іерарх падчас Сусветных дзён моладзі ў Бразіліі дапамог яму зразумець, што Лацінскую Амерыку, як і нашу планету, нельга разглядаць без Амазонкі.

“Навакольнае асяроддзе Амазонкі – ўнікальнае месца, якое ахоплівае амаль 8 мільёнаў квадратных кіламетраў, дзе пражывае больш за 36 мільёнаў чалавек, у тым ліку 3 мільёна карэннага насельніцтва. (...) Панамазонская касцёльная сетка пачала сваю дзейнасць сем гадоў таму і пайшла шляхам слухання, распазнавання і дзеянняў, што дазволіла ёй арганізаваць Сінод па Амазоніі ў кастрычніку 2019 года. Вынікам гэтай падзеі стала заснаванне Амазонскай касцёльнай канферэнцыі. Такой структуры раней не існавала. Хачу падкрэсліць, што гэта касцёльная, а не біскупская канферэнцыя”, - растлумачыў кардынал Барэта.
 

04 верасня 2022, 13:12