Біскуп Іосіф Верт Біскуп Іосіф Верт  

Біскуп Верт з Расіі: трэба яшчэ мацней маліцца аб міры

“Мір – гэта самае важнае, бо, калі людзі паміраюць, для іх усё заканчваецца”, - адзначыў біскуп Іосіф Верт з Расіі падчас VII З’езда лідараў сусветных і традыцыйных рэлігій у сталіцы Казахстана.

Ян Глінскі

У размове з Vatican News пастыр дыяцэзіі Перамянення Пана ў Новасібірску адказаў на пытанні адносна вайны Расіі супраць Украіны. “Больш за паўгода мы перажываем вельмі складаную сітуацыю ва Украіне, але таксама ў Расіі і ва ўсім свеце. Гэта датычыць усіх. Перш за ўсё важна зразумець, наколькі сур’ёзная склалася сітуацыя. Хрысціянін павінен нашмат мацней маліцца аб міры, каб усемагутны і добры Бог умяшаўся, каб стаў сярод людзей і дапамог ім”, - адзначыў біскуп Верт.

Іерарх падкрэсліў, што мір з’яўляецца хіба што самым вялікім дабром, якое існуе ў сусветным маштабе. Пра гэта “выказваўся таксама святы Ян Павел ІІ, калі ў яго час ішла вайна ў Іраку і Афганістане”. “Ён заўсёды паўтараў: мір – самае важнае, бо, калі людзі паміраюць, для іх усё заканчваецца. А калі шмат людзей памірае, тады для многіх іншых тут, на зямлі, становіцца немагчымым штосьці ствараць і дасягаць. Таму трэба моцна змагацца і маліцца аб міры, каб людзі маглі жыць у супакоі і дасягаць мэты, якую Бог упісаў у іх сэрцы і душы, а таксама ў прыроду”, - дадаў біскуп Верт.

Іерарх падкрэсліў, што католікі Расіі хочуць міру ў свеце, ва Украіне і Расіі. “Але, можа, не ўсе разумеюць, што гэта азначае ў дадзеным выпадку. Мы, старэйшае пакаленне, жылі ў камуністычныя часы: была вайна справядлівая і несправядлівая. Старэйшыя людзі па-ранейшаму прытрымліваюцца поглядаў, у якіх былі выхаваны. Але кожная вайна – гэта злачынства, як кажа Святы Айцец Францішак. Нам трэба маліцца і мець надзею, што ў свеце ўвогуле не будзе войнаў”, - заключыў расійскіх іерарх.
 

19 верасня 2022, 11:31