Ксёндз Томас Шварц, дырэктар Renovabis Ксёндз Томас Шварц, дырэктар Renovabis  

Дырэктар Renovabis: Касцёл у Казахстане шукае новую ідэнтычнасць

Дырэктар Renovabis – фонду салідарнасці нямецкіх католікаў з вернікамі ва Усходняй Еўропе – ксёндз Томас Шварц лічыць, што Каталіцкі Касцёл у Казахстане перажывае пераломны момант.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Святар патлумачыў, што ў апошнія дзесяцігоддзі шмат немцаў і палякаў – галоўным чынам нашчадкаў былых эмігрантаў – выехалі з краіны на Захад, і паколькі яны былі апорай мясцовага Каталіцкага Касцёла, сёння ён шукае там новай ідэнтычнасці.

Візіт Францішка ў Казахстан адбываецца якраз у патрэбны час, - адзначыў кіраўнік дабрачыннай структуры. На яго думку, знаходжанне Папы “ўмацуе гэты невялікі мясцовы Касцёл і заахвоціць католікаў развіваць з уласных каранёў трывалую перспектыву на будучыню і ўносіць свой уклад у грамадства”.

Нягледзячы на пераслед у савецкі час і вялікую раскіданасць, Касцёл у Казахстане выжыў, - падкрэсліў ксёндз Шварц у інтэрв’ю КАІ. Ён дадаў, што да сённяшняга дня здзіўляе “непахісная вера і вернасць, асабліва многіх жанчын, маці і бабуль, у змрочныя часы навязанага сацыялістычнага атэізму”.

У самыя цяжкія часы часцей за ўсё менавіта простыя людзі перадавалі веру і такім чынам захоўвалі яе, - нагадаў святар. У якасці прыкладу ён згадаў Гертруду Дэцэль, немку, якую называлі “місіянеркай ГУЛАГу” – зараз ідзе працэс яе беатыфікацыі. У савецкі час за малітву і місіянерскую дзейнасць яе асудзілі на папраўча-працоўны лагер.

Яшчэ адной важнай асобай быў благаслаўлёны ксёндз Уладзіслаў Букавінскі. Агулам у турмах і лагерах ён правёў 13 гадоў 5 месяцаў і 10 дзён. Яго беатыфікацыя ў верасні 2016 года ў Карагандзе стала першай такога роду падзеяй у гісторыі Казахстана. “Казахстанскі Касцёл можа ганарыцца гэтымі сведчаннямі жыцця і веры і чэрпаць у іх сілу і давер”, - падкрэсліў дырэктар Renovabis.

Большасць з 19 мільёнаў жыхароў Казахстана, прынамсі фармальна, вызнаюць іслам. Да Каталіцкага Касцёла належаць 182 тысячы чалавек. Усяго хрысціяне складаюць чвэрць насельніцтва, сярод іх пераважаюць вернікі РПЦ. Рэлігійныя супольнасці ў краіне жывуць у згодзе паміж сабой.

З 1993 года Renovabis падтрымаў 781 праект у Казахстане агульным коштам каля 18 мільёнаў еўра. Фонд дапамагае не толькі католікам, рэалізуючы праекты ў сферы адукацыі і сацыяльным сектары.

 

13 верасня 2022, 11:39