Кардынал Чарльз Бо Кардынал Чарльз Бо  

Кардынал Бо: хрысціянства становіцца карэнным для Азіі

“Азіяцкае хрысціянства знаходзіцца ў працэсе, калі яно становіцца сапраўды карэнным для гэтага рэгіёну”, – адзначыў кардынал Чарльз Бо падчас урачыстасці з нагоды 50-годдзя Федэрацыі Біскупскіх Канферэнцый Азіі.

Ян Глінскі

Структура была заснавана ў 1970 годзе, калі біскупы Азіі ўпершыню сустрэліся ў Маніле падчас візіту папы Паўла VI на Філіпіны. Ад таго часу яна працуе над тоеснасцю Каталіцкага Касцёла ў Азіі.

Кардынал Бо апісаў актуальную сітуацыю кантынента, звярнуўшы ўвагу на існуючыя праблемы: канфлікты, перасяленні, заняпад гаспадарак, кліматычныя змены, наступствы пандэміі і мільёны церпячых ад голаду. Указаў таксама на крызіс, у якім знаходзяцца многія краіны з-за ўрадавага аўтарытарызму і адсутнасці дэмакратыі. Глабальнаму ж міру пагражае фундаменталізм і насілле па прычыне веравызнання. У такіх акалічнасцях Касцёл павінен распазнаць, як павінна выглядаць яго місія.

“Азіяцкае хрысціянства знаходзіцца ў працэсе, калі яно становіцца сапраўды карэнным для гэтага рэгіёну. З хрысціянствам, якое адыгрывае важную ролю ў азіяцкіх народах у сферы адукацыі, здароўя і развіцця, краіны становяцца эканамічна і палітычна больш упэўненымі ў сабе”, - сцвердзіў кардынал Бо.

Па словах іерарха, “Касцёл у Азіі поўны жыцця”. “Гэта вялікі шанец і выклік. А кожны выклік, як кажа Францішак, з’яўляецца шанцам. Гэтае стагоддзе можа стаць у Азіі векам хрысціянства праз абвяшчэнне Добрай Навіны, а таксама падтрымку міру і справядлівасці ў свеце. Перад Касцёлам стаіць пытанне, як ён можа стаць прарокам міру ва ўсё больш неспакойным свеце”, – падзяліўся кардынал Бо.

“Біблейская перспектыва юбілею прадпісвае комплексныя змены і грунтоўнае аднаўленне. Касцёл пад кіраўніцтвам цяперашняга Папы актыўна ініцыяваў змены. Evangelii gaudium, Laudato si' i Fratelli tutti далі Касцёлу ў Азіі і свету дарожную карту ў адпаведных адносінах з Богам, стварэннем і адно з адным. Сёння выклікам з’яўляецца тое, каб Касцёл быў сінадальным, з евангелізацыяй на першым месцы”, - падкрэсліў іерарх.
 

04 верасня 2022, 12:47