Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Прымас Нідэрландаў супраць ініцыятывы фламандскіх біскупаў

Прымас Нідэрландаў заняў негатыўную пазіцыю адносна дэкларацыі фламандскіх біскупаў, якія на мінулым тыдні выдалі дэкларацыю з дазволам благаслаўляць гомасексуальныя пары.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Кардынал Вілем Эйк лічыць, што іерархаў у суседняй і культурна роднаснай Фландрыі трэба прымусіць адмовіцца ад дэкларацыі, якая радыкальна супярэчыць пазіцыі Апостальскай Сталіцы і можа прывесці вернікаў да высноў, якія супярэчаць вучэнню Касцёла.

У сваёй заяве Прымас дэталёва прааналізаваў пазіцыю біскупаў і прапанаваную імі літургію. Ён рашуча заявіў, што насамрэч гаворка ідзе пра благаслаўленне гомасексуальных пар, аналагічнае сакрамэнту сужэнства. Ніколі раней ніякі епіскапат або яго частка (у дадзеным выпадку фламандская частка бельгійскага епіскапату) не адважваўся на нешта падобнае.

На самым пачатку іерарх звярнуў увагу на тое, што фламандскія біскупы неапраўдана спасылаюцца на адгартацыю Amoris laetitia. Распазнаванне, да якога ў гэтым дакуменце заклікае Францішак, заключаецца ў тым, каб дапамагчы парам даведацца праўду аб сваіх адносінах, а ў дадзеным выпадку гэта адносіны, якія супярэчаць парадку стварэння. Не можна благаслаўляць сітуацыі, якія аб'ектыўна няправільныя з маральнага пункту гледжання. Божая ласка не можа ззяць праз грэх. Гэта не азначае, што асобныя гомасексуалы не могуць атрымаць благаслаўленне. Аднак маральна недапушчальна благаслаўляць гомасексуальныя адносіны як такія.

У той жа час кардынал Эйк нагадаў, што вучэнне Касцёла з’яўляецца абавязковым і для біскупаў. Прычыны, па якіх аднаполыя саюзы не могуць благаслаўляцца, былі дакладна акрэслены Кангрэгацыяй Веравучэння ў лютым 2021 года. Сваім рашэннем фламандскія біскупы застаюцца ў радыкальнай апазіцыі да гэтага.

Іерарх таксама абвінаваціў біскупаў суседняй Фландрыі ва ўвядзенні вернікаў у зман. Хоць самі яны адкрыта не сцвярджаюць, што гомасексуальныя адносіны з'яўляюцца маральна правільнымі, гэта прапануецца ў самім набажэнстве, і вернікі могуць прыйсці да такіх высноў. Спасылацца на слова Божае ў прапанаванай імі літургіі таксама недарэчна, бо Святое Пісанне адназначна і бясспрэчна прызнае гомасексуальныя адносіны грахом.
 

29 верасня 2022, 11:13