Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Тыдзень у Беларусі – важнае

Агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

На Віцебшчыне не засталося райцэнтра, у якім бы не было каталіцкага храма. Апошнім такім горадам заставаўся Сянно – тут 17 верасня 2022 года асвячэнне касцёла здзейсніў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Адбылося гэта праз 60 гадоў пасля знішчэння ў горадзе каталіцкай святыні, узведзенай тут 250 гадоў таму. Новабудоўля з’яўляецца зменшанай копіяй касцёла, які стаяў на тым самым месцы. Непасрэдна пасля асвячэння касцёла маладая пара вернікаў з Сянна прыняла сакрамэнт шлюбу.

У мядзельскім Кармэлі прайшлі рэкалекцыі для святароў. У духоўных практыкаваннях пры кляштары айцоў кармэлітаў босых з 19 па 22 верасня 2022 года ўзялі ўдзел Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі і каля 20 святароў – як дыяцэзіяльных, так і з манаскіх супольнасцяў. Упершыню ў мядзельскім Кармэлі сабралася на рэкалекцыі такая вялікая група духоўных асоб. Правёў практыкаванні айцец Казімір Мараўскі з Гудагая.

З Пінскай дыяцэзіі распачалася перэгрынацыя Цудоўнага медаліка. Яна адбываецца ў межах дзевяцігадовай навэнны, прысвечанай падрыхтоўцы да 200-годдзя аб’яўлення Найсвяцейшай Панны Марыі святой Кацярыне Лябурэ. Сёстры з Кангрэгацыі Дачок Міласэрнасці святога Вінцэнта дэ Поля разам з прадстаўнікамі Вінцэнтскай Марыйнай моладзі наведалі парафіі Пінскай дыяцэзіі у Пружанах, Шарашове, Перадзельску, Вялікім Сяле, Ружанах, Косаве, Івацэвічах і ў вёсцы Волька, дзе пазнаёмілі вернікаў з пасланнем Беззаганнай Панны Марыі, якая аб’явіла Цудоўны медалік.

Адбылася першая сустрэча ў межах праекта ўзмацнення кампетэнцыі кансэкраваных асоб. Ён распачаўся 19 верасня 2022 года ў цэнтры Caritas Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ў Ляскоўцы пад Мінскам. Гэты праект з’яўляецца вынікам супольнай працы настаяцеляў і настаяцельніц на працягу апошніх трох гадоў, арыентаваны на актуальную сітуацыю манаскіх асоб, і з’яўляецца свайго роду адказам на патрэбы і выклікі манаскага жыцця і служэння ў сучасным свеце.

Супольнасць Каштоўная пярліна адзначыла 30-годдзе сваёй дзейнасці ў Беларусі. Гэта міжнародная дыяконія евангелізацыі і вызвалення. Супольнасць у Мінску дзейнічае пры парафіі святога Сымона і святой Алены. Праз фармацыю супольнасці за гэты час прайшлі тысячы людзей, нарадзілася некалькі святарскіх, манаскіх і сужэнскіх пакліканняў.

Біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч адзначыў дзень нараджэння. 23 верасня 2022 года гродзенскаму ардынарыю споўнілася 73 гады. Ён з'яўляецца пастырам Касцёла на Гродзеншчыне з 1991 года, калі Святы Айцец прызначыў яго біскупам новаўтворанай Гродзенскай дыяцэзіі. У Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі ўзначальвае Раду па справах моладзі і Раду па справах каталіцкага выхавання.

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.
 

24 верасня 2022, 09:11