Фаціма: міжнародная сустрэча па арганізацыі СДМ-2023
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Мэта ініцыятывы заключаецца ў тым, каб пазнаёміць прадстаўнікоў епіскапатаў, каталіцкіх рухаў і асацыяцый з ходам падрыхтоўкі да найбуйнейшага каталіцкага моладзевага форума, а таксама культурай і тоеснасцю краіны і гарадоў, якія будуць прымаць сусветную сустрэчу моладзі з Папам.
Нарада была арганізавана ў супрацоўніцтве з Дыкастэрыяй па справах свецкіх, сям’і і жыцця. З уступным словам да прысутных звярнуўся прэфект гэтай ватыканскай структуры, кардынал Кэвін Джозэф Фарэл. “Увайсці ў дыялог, пераадольваючы межы культуры, каб будаваць сінадальны Касцёл і нанова сустрэць Хрыста”, - заклікаў іерарх, падкрэсліваючы важнасць таго, каб усе ўдзельнікі форума ў пэўным сэнсе адчувалі сябе яго суарганізатарамі.
Прэфект пажадаў, каб у такім духу прайшла падрыхтоўка да арганізацыі Сусветнага дня моладзі на дыяцэзіяльным узроўні, які будзе адзначацца ва ўрачыстасць Хрыста Валадара Сусвету. Дапамагчы ў гэтым, на яго думку, павінны Душпастырскія рэкамендацыі, распрацаваныя Дыкастэрыяй.
Міжнародная сустрэча па арганізацыі Сусветных дзён моладзі звычайна праводзіцца два разы: першы раз – адразу пасля заканчэння папярэдняга моладзевага форума, а другая – за год да пачатку наступнага. Бліжэйшыя Сусветныя дні моладзі пройдуць у Лісабоне з 1 па 6 жніўня 2023 года.