Кардынал Вальтэр Каспер Кардынал Вальтэр Каспер 

Кардынал Каспер: будучыня Касцёла ў сінадальным адзінстве

Касцёл не можа клапаціцца толькі пра сябе, яго позірк павінен быць звернуты на Евангелле і “раны свету”, - адзначыў кардынал Вальтэр Каспер у інтэрв’ю на тэму сінадальнасці.

Ян Глінскі - Vatican News

Як падкрэсліў старшыня-эмерыт Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству ў інтэрв’ю міжнароднаму тэалагічнаму выданню Communio, Каталіцкі Касцёл будзе мець будучыню толькі тады, калі будзе працягваць “ісці шляхам, які распачаў Другі Ватыканскі Сабор, у творчай вернасці і сінадальнай камуніі”.

У размове іерарх са шкадаваннем адзначыў, што нямецкі сінадальны шлях, “на жаль, праваліўся”, дадаўшы, што тым больш ён разлічвае “на паўсюдны сінадальны працэс, распачаты Францішкам”.

Нагодай для інтэрв’ю стала 60-я гадавіна адкрыцця Другога Ватыканскага Сабору, якая адзначалася 11 кастрычніка 2022 года.

Кардынал-эмерыт прызнаўся, што Сабор быў адным з “фармацыйных досведаў” у яго жыцці і з’яўляўся трывалым пунктам адліку для яго тэалогіі і ў біскупскім служэнні. Як ён дадаў, Сабор зрабіў важныя рэфармацыйныя рухі свайго часу, стварыў “атмасферу прарыву”, Сабор быў “праходжаннем Святога Духа праз Касцёл”.

Пры гэтым нямецкі кардынал звярнуў увагу на тое, што новы падыход Сабору трэба разумець “не як разрыў з традыцыяй Касцёла”, а хутчэй як “зрух да больш шматграннага жывога разумення традыцыі і каталіцтва”.

На думку іерарха, Сабор і яго дакументы сталі сёння часткай гісторыі Касцёла. Нават Францішак належыць ужо да паслясаборнага пакалення, якое разглядае рэзалюцыі і дакументы як факт, што з’яўляецца асновай для далейшай дыскусіі. “Гэта ставіць перад намі пытанне пра ўсё яшчэ неадкрытыя патэнцыялы будучыні ў тэкстах Сабору”, - дадаў суразмоўца Communio.

Кардынал Каспер лічыць, што паслясаборная тэалогія павінна больш глыбока і фундаментальна, чым гэта мог зрабіць Сабор, падысці да тэмы Бога, а таксама засяродзіцца на “метафізічнай бяздомнасці сучаснага чалавека”

На заканчэнне нямецкі іерарх адзначыў, што ў святле трываючай дыскусіі на тэму рэформы Касцёла, варта задумацца над тым, што Сабор сказаў пра агульнае святарства ўсіх ахрышчаных у Дагматычнай канстытуцыі аб Касцёле Lumen gentium. Ён “нанова” падкрэсліў гэтае супольнае святарства і ўказаў на супольную адказнасць свецкіх за Касцёл і ў Касцёле, - зазначыў кардынал.
 

14 кастрычніка 2022, 08:37