Арцыбіскуп Паола Пэцы Арцыбіскуп Паола Пэцы 

Маскоўскі арцыбіскуп: словы Папы павінны ўзрушыць палітыкаў

Сітуацыя ва Украіне выклікае трывогу, таму Папа прыкладае ўсе намаганні для дээскалацыі канфлікту, - звярнуў увагу пастыр архідыяцэзіі ў Маскве, падкрэсліваючы беспрэцэдэнтнасць нядзельнага звароту Францішка.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Арцыбіскуп Паола Пэцы адзначыў, што Святы Айцец з самага пачатку вайны заступаўся за Украіну і заклікаў маліцца за мір, але нядзельны зварот да Прэзідэнта Расіі разарваць спіраль насілля і смерці і да Прэзідэнта Украіны адкрыцца да рэальных мірных прапаноў стаў сапраўды выключным.

“Гэты вокліч выйшаў з глыбіні сэрца, з’яднанага з пакутлівым сэрцам Хрыста”, - сказаў іерарх, выказаўшы надзею на тое, што ніхто не застанецца абыякавым да слоў Святога Айца.

Арцыбіскуп-мітрапаліт маскоўскай архідыяцэзіі Маці Божай падкрэсліў, што сітуацыя ва Украіне на самой справе вельмі трывожная, і гэтага нельга хаваць. “Трывога вынікае з заўважнага паглыблення канфлікту, адсюль і намаганні Папы спыніць яго”, - звярнуў увагу ён.

Іерарх лічыць, што, наколькі словы Францішка западуць у сэрцы як прэзідэнтаў, так і лідараў міжнароднай супольнасці, настолькі яны змогуць змяніць лёс свету. “Што будзе далей, у якім кірунку пойдзе вайна, залежыць ад таго, як мы адкажам на такія заклікі, як папскі”, - адзначыў арцыбіскуп Пэцы, дадаўшы, што нельга адмаўляцца ад дыялогу і перамоў.
 

06 кастрычніка 2022, 11:24