Божае Нараджэнне ў супольнасці в'етнамскіх католікаў Божае Нараджэнне ў супольнасці в'етнамскіх католікаў 

Сінадальны шлях у В’етнаме: востра стаіць пытанне евангелізацыі

„Касцёльныя лідары павінны задаць сабе пытанне, хто нясе адказнасць за абвяшчэнне Евангелля”, - мяркуе ксёндз Джозэф Нгок Нгаан, словы якога былі апублікаваны на сайце епіскапату В’етнама з нагоды трываючага Сінадальнага шляху.

Ян Глінскі

Святар звярнуў увагу на афіцыйную статыстыку, паводле якой, у В’етнаме за час ад 1960-х гадоў працэнт католікаў у адносінах да ўсяго насельніцтва вырас толькі крыху і па-ранейшаму складае 7% насельніцтва. Але ў лічбавым значэнні рост значны, паколькі ў краіне ў апошнія дзесяцігоддзі назіраўся значны натуральны прырост.

У 2015 годзе да Касцёла далучылася 38 тысяч чалавек, у той час як у краіне працавала 95 тысяч святароў, кансэкраваных асоб і катэхетаў. Пры супастаўленні гэтых даных вынікае: каб прывесці ў Касцёл адну асобу, патрэбна 2,5 католіка, якія актыўна евангелізуюць. Гэта статыстыка не ўлічвае мільёны свецкіх вернікаў, якія таксама павінны евангелізаваць. Больш за тое, калі даследаваць матывы людзей, якія прыходзяць у Касцёл, то выявіцца, што амаль траціна з іх абгрунтоўвае сваё рашэнне не столькі асабістай сустрэчай з Езусам, колькі жаданнем ажаніцца з католікам ці каталічкай.

Душпастыр, сыходзячы са свайго душпастырскага досведу, адзначыў сур'ёзныя прабелы ў ведах вернікаў пра асновы хрысціяснкай веры. Адначасова ён указаў на занядбанне дыяцэзіямі фармацыі свецкіх. Акрамя гэтага пануе перакананне, што перадача веры – заданне выключна для святароў і законнікаў. У сувязі з гэтым, евангелізацыя католікаў мае павольны і неэфектыўны характар. У якасці контрпрыкладу можа служыць дынамізм пратэстанцкіх супольнасцей, дзе вернікі ведаюць сваю веру і з энтузіязмам перадаюць яе іншым.

Ксёндз Нгок Нгаан заклікаў касцёльных лідараў да канкрэтных крокаў з мэтай узмацнення евангельскай дзейнасці ў В’етнаме.

В’етнам – краіна камуністычная, дзе свабода веравызнання абмежаваная. За апошнія гады ўлады істотна пашырылі межы талерантнасці, што робіць магчымым дзейнасць парафій, манаскіх супольнасцей і іншых касцёльных арганізацый. Аднак хрысціяне па-ранейшаму застаюцца грамадзянамі другой катэгорыі, якім пагражае пераслед.
 

21 кастрычніка 2022, 10:52