Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

У Рыме пройдзе асамблея Саюза генеральных настаяцеляў

“Fratelli Tutti: закліканыя быць міратворцамі” – тэма 98-й асамблеі Саюза генеральных настаяцеляў, якая пройдзе з 23 па 25 лістапада 2022 года ў Рыме.

Марыя Валодзіна – Vatican News

У аснове асамблеі ляжыць энцыкліка Францішка, які ў пункце 225 піша: “У многіх частках свету існуе патрэба ў шляхах спакою, якія маглі б загаіць адкрытыя раны, патрэба ў міратворцах, гатовых з адвагай і вынаходлівасцю распачаць працэсы аздараўлення і новай сустрэчы. "

Разважанне на гэтую тэму, якую кіраўнікі манаскіх кангрэгацый будуць паглыбляць падчас сустрэчы, пачалося ў маі 2021 года падчас сумеснага форуму з Міжнародным саюзам генеральных настаяцельніц.

Пасля завяршэння асамблеі запланавана сустрэча з Францішкам, якая пройдзе 26 лістапада 2022 года ў Ватыкане.

Саюз генеральных настаяцеляў (Unione Superiori Generali) – міжнародная арганізацыя, якая аб'ядноўвае кіраўнікоў манаскіх інстытутаў і таварыстваў апостальскага жыцця. Яна была створана ў 1952 годзе. Гэты міжнародны форум дазваляе дзяліцца досведам, абменьваюцца інфармацыяй і суправаджаць адзін аднаго ў служэнні.

26 кастрычніка 2022, 12:24