Сустрэча Папы з ісламскімі лідарамі падчас візіту ў Ірак Сустрэча Папы з ісламскімі лідарамі падчас візіту ў Ірак 

Візіт Францішка ў Бахрэйн: дыялог з многімі плынямі ісламу

Візіт Папы ў Бахрэйн стане працягам яго паездак у Абу-Дабі, Ірак і Казахстан. Гэта дэманстрацыя імкнення Святога Айца “ўступіць у дыялог са шматлікімі плынямі ісламу”, - падкрэсліў біскуп Паўль Хіндэр.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Апостальскі адміністратар Паўночнай Аравіі адзначыў, што падарожжа, якое пройдзе 3-6 лістапада 2022 года, з’яўляецца эпахальнай падзеяй для мясцовых хрысціян.

Папа быў запрошаны каралём. Падчас візіту ён прыме ўдзел у Форуме на карысць дыялогу. Яго прыезд з’яўляецца пацвярджэннем жадання весці дыялог з ісламам “і запрашэннем не спыняцца на гэтым шляху, нягледзячы на ўражанне, што пасля сустрэчы ў Абу-Дабі тэмп запаволіўся”, - падкрэсліў біскуп Хіндэр.

На думку іерарха, “гэта вельмі значная падзея для шыіцкага свету”, які складае большасць насельніцтва краіны, хоць кіраўнічыя пасады ў ёй займаюць суніты.

У той жа час, як адзначае апостальскі адміністратар, папскі візіт нясе з сабой важнае пасланне і для мясцовых католікаў”, ён сведчыць аб тым, што яны не забытыя Паўсюдным Касцёлам.

Бахрэйн – невялікае каралеўства ў Персідскім заліве з насельніцтвам 1,4 мільёна чалавек. Дзяржава жыве за кошт турызму, нафтавай прамысловасці і адыгрывае важную ролю ў банкаўскім сектары. Толькі 6% жыхароў, звыш 80 тысяч чалавек, належаць да Каталіцкага Касцёла. У асноўным гэта мігранты з Індыі і Філіпін. Існуе таксама невялікая суполка блізкаўсходніх хрысціян, якія прыехалі ў краіну ў першай палове ХХ стагоддзя.

Апостальскі вікарыят Паўночнай Аравіі ўключае адзінаццаць парафій у Кувейце, Катары, Бахрэйне і Саудаўскай Аравіі.
 

25 кастрычніка 2022, 11:41