Graces & Voices: беларускі папулярызуюць грыгарыянскі харал
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Выкладчыца прэстыжнага еўрапейскага музычнага ВУЗа, касцёльны музыкант, дырыжор – у 2011 годзе беларуска стварыла ў Аўстрыі жаночы вакальны ансамбль Graces & Voices, які выконвае грыгарыянскую і сучасную паліфанічную музыку, атрымліваючы шырокае прызнанне слухачоў і прафесіяналаў.
Захапленне грыгарыянскім харалам у Антаніны пачалося падчас вучобы ва Універсітэце музыкі і выяўленчых мастацтваў у Грацы. Грыганіяніка тут вывучаецца вельмі глыбока і для студэнткі з Мінску гэта музыка хутка стала нечым большым за звычайны ўніверсітэцкі прадмет: узнікла жаданне спяваць старажытныя каталіцкія духоўныя спевы разам з іншымі студэнтамі, якое з цягам часу вылілася ў міжнародную канцэртную дзейнасць, якая злучае творчасць, малітву і евангелізацыю.
“Тады я асэнсавала, што гэта музыка вельмі важная для мяне. Я яе разумею, захапляюся ёй, а як веруючы чалавек, я ўсведамляю, што гэта вытокі хрысціянскай, касцёльнай музыкі. Тады для мяне стала вельмі важным спяваць грыгарыянскі харал”, - прызналася музыкант.
Калі перыяд вучобы ў Грацы падышоў да завяршэння Антаніна не хацела расставацца з грыгарыянскім спевам і задумала стварыць вакальны ансамбль. Гэту ідэю падзяляла яе сяброўка Адрыя Чэпайце з Літвы і родныя сёстры – Алена і Марына, таксама прафесійныя музыканты. Дзяўчыны стварылі гурт Graces & Voices (Грацыі і галасы), да якога далучыліся іх аднадумкі з Аўстрыі, Літвы, Латвіі, Германіі і іншых краін. Назва ансамблю адлюстроўвае гармонію паміж знешняй і ўнутранай прыгажосцю, якая выяўляецца ў жаночых галасах, а таксама перагукаецца з назвай горада Грац, у якім сустрэліся яго ўдзельніцы.
Вакальны калектыў атрымаў высокія адзнакі прэстыжных міжнародных музычных выданняў, а за больш чым 10 гадоў дзейнасці наведаў з канцэртамі большасць краін Еўропы. “У Еўропе ёсць людзі, якія цікавяцца грыгарыянскім спевам. Ён не знік з памяці, як гэта адбылося, напрыклад, у Беларусі, дзе калісьці быў добра вядомы. Манускрыпты, якія захаваліся да сённяшняга дня – галоўным чынам у літоўскіх архівах – сведчаць пра тое, што і ў Беларусі грыгарыяніку таксама спявалі, але сёння пра гэтага мала хто ведае і памятае. У Еўропе ж ведаюць пра грыгарыянскі харал, асабліва ў каталіцкіх краінах, такіх як Бельгія ці Францыя, дзе людзі стараюцца зберагчы гэту традыцыю. Тут ёсць зацікаўленасць грыгарыянікай, як і ўвогуле старажытнай музыкай”, - заўважыла заснавальніца ансамбля.
2022 год адзначыўся для гурта выданнем пятага дыску. Альбом называецца Take Your Holy Time і быў запісаны ў касцёле старажытнага картэзіянскага кляштару ў Маўербаху ў Аўстрыі. У яго ўвайшлі дванаццаць кампазіцый: старажытныя грыгарыянскія спевы, а таксама сучасныя паліфанічныя кампазіцыі. “Для нас было вельмі важна даць слухачам пачуццё таго, што грыгарыніка гэта не толькі вельмі старажытная музыка, але таксама і вельмі актуальная. Ідэя заключалася ў тым, каб сумясціць грыгарыянскі спеў і сучасную музыку. Дзеля гэтага мы працуем таксама з кампазітарамі, якія пішуць творы спецыяльна для нас”, - распавяла Антаніна.
Для ўдзельніц Graces & Voices грыгарыянскі спеў – гэта ў першую чаргу сакральная музыка, якая ад самага пачатку непарыўна звязана з літургіяй і малітвай. “Грыгарыянскі харал дапамагае лепш разумець біблійныя і літургічныя тэксты, бо мелодыі складзены так, каб тэкст быў больш выразным. Спяваючы, вельмі хутка разумееш, што дзякуючы гэтым мелодыям, словы атрымліваюць новы сэнс. Напрыклад мелодыя грыгарыянскага харалу дапамагае зразумець, якое слова ў выразе мае найбольшае значэнне”, - дадала даследчыца і папулярызатар старажытнага каталіцкага духоўнага спеву.
Музыка Graces & Voices даступна на ўсіх буйных стрымінгавых платформах, такіх як Spotify, iTunes i іншых, а кампакт-дыскі вакальнага ансамблю можна набыць у інтэрнэце.