Удзельнікі акцыі ў памяць аб сальвадорскіх мучаніках Удзельнікі акцыі ў памяць аб сальвадорскіх мучаніках  

Кардынал Чэрны: сальвадорскія мучанікі служылі цэласнаму развіццю

Кардынал Майкл Чэрны адзначыў каштоўнасць сведчання шасці сальвадорскіх езуітаў і іх паплечнікаў, якія 33 гады таму сталі ахвярамі грамадзянскай вайны ў гэтай краіне.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Законнікі на чале з ксяндзом Ігнасіа Элакурыя былі сусветна прызнанымі навукоўцамі і працавалі ў езуіцкім Цэнтральнаамерыканскім універсітэце імя Хасэ Сімяонэ Каньяса, дзе праводзілі даследаванні ў галіне сацыялогіі і іншых навук, якія паказвалі драматычныя наступствы вайны і беднасці ў краіне. Прэфект Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека скіраваў свой спецыяльны ліст супольнасці гэтай навучальнай установы.

Кардынал падкрэсліў, што гэтыя езуіты і іх паплечнікі з’яўляюцца “мучанікамі таго дару, якім быў Другі Ватыканскі Сабор”, таму што “сваім жыццём і смерцю яны выканалі заклік Сабору і 32-й Генеральнай кангрэгацыі, стварыўшы вялікую евангелізацыйную, адукацыйную і сацыяльную ініцыятыву, якой стаў Цэнтральнаамерыканскі ўніверсітэт”.

Ватыканскі іерарх падкрэсліў, што мучанікі з’яўляюцца прыкладам служэння інтэгральнаму развіццю чалавека і таму застаюцца асаблівым натхненнем для Дыкастэрыі, якую ён узначальвае.

Езуіты загінулі ў ноч на 16 лістапада 1989 года, калі на кампус напала падраздзяленне ўрадавых войскаў. У тыя гады ў Сальвадоры трывала кровапралітная грамадзянская вайна паміж правымі ўладамі, звязанымі з арміяй, і рэвалюцыйнай групоўкай Фронту нацыянальнага вызвалення імя Фарабунда Марці. Законнікаў абвінавацілі ў дапамозе паўстанцам і жорстка забілі. Падчас нападу загінула таксама іх работніца Эльба Рамас і яе 16-гадовая дачка Селіна.

Кровапраліцце ўзрушыла міжнародную грамадскасць, але следства так і не прыйшло да раскрыцця ўсёй праўды. Справа была спынена ў 2000 годзе. Праз дваццаць гадоў Злучаныя Штаты Амерыкі ўвялі санкцыі ў дачыненні да 13 ваенных афіцэраў, прызнаных адказнымі за гэтае забойства.
 

17 лістапада 2022, 09:46