Тыдзень у Беларусі – важнае
Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News
У Апостальскай нунцыятуры ў Мінску адзначылі 30-годдзе з часу ўсталявання дыпламатычных адносін паміж Беларуссю і Святым Пасадам. У святочным мерапрыемстве 11 лістапада 2022 года ўдзельнічалі біскупы Касцёла ў Беларусі, святары, прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу, Беларускай Праваслаўнай Царквы і іншых традыцыйных канфесій, прадстаўнікі дзяржаўнай улады – у тым ліку, першы намеснік Міністра замежных спраў, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі пры Святым Пасадзе Сяргей Алейнік, упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Аляксандр Румак. Удзельнікаў прывітаў Апостальскі нунцый арцыбіскуп Антэ Ёзіч.
У Навагрудку завяршыўся Малітоўны кангрэс у абарону жыцця. Падчас сустрэчы, якая працягвалася 4-7 лістапада 2022 года, удзельнікі праводзілі набажэнствы, слухалі сведчанні, канферэнцыі і лекцыі, а таксама зладзілі пешую пілігрымку ў інтэнцыі перапрашэння за грахі супраць жыцця з Навагрудка ва Ўселюб. Удзельнікамі кангрэсу сталі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч і дапаможны біскуп архідыяцэзіі Найсвяцейшай Панны Марыі ў Астане Атаназій Шнайдар.
А напярэдадні казахстанскі іерарх прадставіў сваю кнігу ў Віцебску. У касцёле Езуса Міласэрнага на сустрэчы з мясцовымі вернікамі 4 лістапада 2022 года біскуп Атаназій Шнайдар прэзентаваў аўтабіяграфічную кнігу Christus Vincit (Хрыстос перамагае), у якой таксама прадстаўлены думкі аўтара аб касцёльным і культурным жыцці Казахстана, Расіі і Еўропы, паказваецца вялікая роля захавання духоўных традыцый. Адной з мэтаў напісання гэтай кнігі біскуп называе вяртанне католікам, якія будуць яе чытаць, веры і надзеі на перамогу Хрыста над цемрай граху і смерці.
У гродзенскай духоўнай семінарыі з удзелам арцыбіскупа Юзафа Станеўскага маліліся Нешпары за памерлых. Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі наведаў навучальную ўстанову, куды пасля кароткіх канікул вярнуліся студэнты. У капліцы семінарыі іерарх разам з навучэнцамі чыталі Нешпары за спачылых святароў, выкладчыкаў і студэнтаў, сваіх родных і блізкіх.
У Мёрах адбылася сустрэча святароў і кансэкраваных асобаў Віцебскай дыяцэзіі. 10 лістапада 2022 года ў мясцовай парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі сабралося духавенства рэгіёна. У праграме сустрэчы былі адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту, Эўхарыстыя, якую ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, канферэнцыі.
Копіі цудадзейных абразоў Маці Божай з беларускіх Марыйных санктуарыяў прыбылі ў Вільню. 10 лістапада 2022 года абразы былі выстаўленыя для ўшанавання і малітвы ў крыпце касцёла святой Тэрэзы пры Вострай Браме. Тут яны будуць знаходзіцца да 20 лістапада. Перэгрынацыя прымеркавана да святкавання Апекаў Маці Божай, што адбываецца на працягу тыдня з нагоды ўрачыстасці Маці Божай Вастабрамскай. Паводле ініцыятара ксяндза Уладзіслава Завальнюка, галоўнай мэтай перэгрынацыі абразоў у Вільню з’яўляецца думка пра беларусаў, якія тут жывуць – каб яны маглі дакрануцца да духоўнай спадчыны Беларусі.
Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholicnews.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.