Тыдзень у Беларусі – важнае
Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News
Абвешчана тэма пастырскага года 2023 у беларускіх дыяцэзіях і яго дэвіз. Ім сталі словы Апостальства свецкіх – знак надзеі для Касцёла ў Беларусі. Біскупская канферэнцыя вырашыла прысвяціць пастырскі год апостальству свецкіх вернікаў, зыходзячы з таго, што кантынентальны этап Сіноду біскупаў засяродзіў увагу на больш актыўным удзеле свецкіх вернікаў у ажыццяўленні місіі Касцёла ў наш час.
Апостальскі нунцый і біскупы цэлебравалі Імшу з нагоды 30-годдзя з часу ўсталявання дыпламатычных адносін паміж Беларуссю і Святым Пасадам. Яна адбылася 13 лістапада 2022 года ў мінскім катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі. Удзельнікі Эўхарыстыі дзякавалі Богу за плён гэтых трох дзесяцігоддзяў – з малітвай за Святога Айца, у яго інтэнцыях, а таксама просячы Бога аб далейшым развіцці двухбаковых адносін дзеля дабра мясцовага Касцёла і ўсяго беларускага народа.
Урачыстасць у гонар святога Язафата адзначылі з удзелам біскупа Гродзенскага ў Сапоцкіне. 12 лістапада 2022 года пробашч парафіі ксёндз Антоні Абухоўскі, вітаючы прысутных, падкрэсліў, што Язафат Кунцэвіч прысвяціў сваё жыццё справе адзінства хрысціян. Таму – заклікаў вернікаў да малітвы аб адзінстве і міру паміж народамі і ў кожнай сям’і. Біскуп Аляксандр Кашкевіч цэлебраваў святую Імшу на адпустовай урачыстасці.
Ва ўспамін Маці Божай Вастрабрамскай арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў цэлебрацыю ў мінскай катэдры. На святой Імшы 16 лістапада 2022 года арцыбіскуп эмерыт падкрэсліў, што марыйнага святла "нам так не хапае ў час грамадска-палітычнага крызісу, які раскалоў нашую Бацькаўшчыну; не хапае ў неспакойны, напоўнены рознымі крызісамі час, у тым ліку веннымі дзеяннямі ва Украіне, дзе з абодвух бакоў гінуць і маральна дэфармуюцца людзі, разбураюцца гарады і інфраструктура".
Мінгарвыканкам прапанаваў выбраць памяшканні для парафіі святога Сымона і святой Алены. Спіс вольных памяшканняў, які ўлады прапануюць арэндаваць парафіі пасля закрыцця Чырвонага касцёла, накіраваны для азнаямлення ў Мінска-Магілёўскую архідыяцэзію, аб чым праінфармаваны арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Пра гэта гаворыцца ў лістах ад Мінгарвыканкама і Ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў, апублікаваных парафіяй. Адрасы памяшканняў у лістах не называюцца. У той жа час улады адказалі, што правядзенне набажэнстваў ва ўсіх частках Чырвонага касцёла і ў яго ўнутраным дворыку "не ўяўляецца магчымым".
Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.