Тыдзень у Беларусі – важнае
Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News
З пастырскім словам на Адвэнт звярнуліся каталіцкія іерархі. Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі заклікаў адкрываць знакі часу, якія ўказваюць на прыйсце Хрыста, а таксама склаў ліст да дзяцей, у якім патлумачыў сэнс падрыхтоўкі да святаў Божага Нараджэння. У сваю чаргу арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч звярнуў увагу на праблемы, з якімі сутыкнуліся свет, Беларусь і мясцовыя каталіцкія вернікі. Ён згадаў закрыты Чырвоны касцёл і заклікаў да салідарнасці з церпячымі з-за несправядлівасці. "Грамадства расколата, свет знаходзіцца на парозе новай сусветнай вайны", канстатаваў іерарх.
Апостальскі нунцый наведаў магілёўскую катэдру. 20 лістапада 2022 года арцыбіскуп Антэ Ёзіч здзейсніў свой першы візіт у Магілёў. Іерарх узначаліў цэлебрацыю святой Імшы, падчас якой прамовіў гамілію, узгадаўшы гісторыю ўсталявання дыпламатычных адносін паміж Святым Пасадам і Беларуссю. Прадстаўнік Папы Францішка звярнуўся да Маці Божай Бялыніцкай, "каб бараніла нашыя сем’і, усё беларускае грамадства, каб навучыла верна ісці за Езусам, каб стварыла свет, у якім будуць валадарыць сапраўдная любоў, узаемапавага, мір і бяспека для ўсіх, евангельская праўда і Божая справядлівасць".
Збор копій цудадзейных ікон Багародзіцы з беларускіх санктуарыяў вярнуўся з Вільні ў Мінск з папаўненнем – перэгрынацыйным абразом Маці Божай Вастрабрамскай. Яго благаславіў дапаможны біскуп Віленскай архідыяцэзіі Арунас Панішкайціс у касцёле святой Тэрэзы пры Вострай Браме падчас святой Імшы на беларускай мове.
Aрцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч благаславіў вуглавы камень новага касцёла ў Гродне. 20 лістапада 2022 года свята адбылося ў парафіі благаслаўлёнай Мар’яны Бярнацкай – умураваны пад будоўлю святыні камень перададзены з роднага дома мучаніцы, расстралянай пад Гродна нацыстамі ў 1943 годзе. Арцыбіскуп эмерыт таксама асвяціў часовую парафіяльную капліцу і ўзначаліў святую Імшу, якую канцэлебравалі біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч і святары.
У Магілёве і Маладзечне з удзелам біскупаў адбыліся рэгіянальныя сустрэчы святароў. 23 лістапада 2022 года ў магілёўскай катэдры сабраліся святары, законнікі і законніцы, якія служаць на тэрыторыі дэканатаў Магілёўскага рэгіёна, разам з Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім арцыбіскупам Юзафам Станеўскім і Генеральным вікарыем архідыяцэзіі біскупам Аляксандрам Яшэўскім. Назаўтра арцыбіскуп Юзаф Станеўскі і арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч сустрэліся з духавенствам Мінскай вобласці.
У Полацку адзначылі Сусветны дзень моладзі на дыяцэзіяльным узроўні. Пры парафіі святога Андрэя Баболі 19 лістапада 2022 года сабраліся маладыя вернікі з розных мясцін Віцебскай дыяцэзіі – у тым ліку, з Глыбокага, Паставаў, Варапаева, Докшыц, Лынтупаў, Оршы. У праграме былі набажэнствы, канферэнцыя, дыскатэка, благаслаўленне ад біскупа Віцебскага Алега Буткевіча.
У Пінскай дыяцэзіі пачынаецца Год надзеі ў межах падрыхтоўкі да 100-годдзя дыяцэзіі. З гэтай нагоды да вернікаў звярнуўся біскуп Пінскі Антоні Дзям'янка. Другі год падрыхтоўкі да юбілею пачынаецца ў першую нядзелю Адвэнту. Ардынарый запрасіў вернікаў "прысвяціць гэты час асабліваму высілку па аднаўленні ўсяго, што звязана ў нашым жыцці з хрысціянскай цнотай надзеі".
Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholicnews.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.