Пошук

Папа Францішак Папа Францішак 

Дэкан Калегіі кардыналаў пра “міратворчы” год Пантыфіка

Аб ініцыятывах Францішка на працягу мінулага года, і асабліва на карысць міру ва Украіне, нагадаў кардынал Джавані Батыста Рэ, Дэкан Калегіі кардыналаў.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У сваім віншавальным слове іерарх адзначыў, што год, які набліжаецца да завяршэння, быў адзначаны драматычнай сітуацыяй не толькі з прычыны працяглай пандэміі COVID-19, але і трагічных войнаў, якія працягваюць выклікаць кровапраліцце і пакуты людзей.

Кардынал падкрэсліў асаблівую занепакоенасць вайной ва Украіне і яе наступствамі ва ўсім свеце. Ён згадаў словы і дзейнасць Святога Айца, накіраваныя на спыненне гэтай “бессэнсоўнай разні”, а таксама яго заклікі да мірных перамоў і дапамогі параненым, бяздомным і многім людзям, якія апынуліся ў бядзе.

Гаворачы аб значэнні года для Рымскай курыі, іерарх падкрэсліў важнасць яе рэформы, абвешчанай Апостальскай канстытуцыяй Praedicate Evangelium, “якая адпавядае патрэбам нашага часу і дапамагае Рымскай курыі лепш выконваць вялікія задачы, якія заключаюцца ў служэнні першынству Папы і служэнні біскупам і Касцёлу ў гэты перыяд гісторыі”.

Ён таксама звярнуў увагу на прысутнасць на розных важных пасадах у ватыканскіх структурах усё большай колькасці свецкіх мужчын і жанчын. На яго думку, рэформа характарызуецца місійным духам і прыхільнасцю да евангелізацыі.

Дэкан Калегіі кардыналаў адзначыў, што за гэты год Святы Айцец, нягледзячы на цяжкасці пры хадзе, здзейсніў чатыры апостальскія падарожжы на Мальту, у Канаду, Казахстан і Бахрэйн.

“Шаноўны і дарагі Наступнік святога Пятра, мы збіраемся вакол цябе ў еднасці веры, малітвы і сыноўняй любові, віншуючы цябе з Божым Нараджэннем і Новым годам”, - напісаў кардынал Джавані Батыста Рэ.
 

23 снежня 2022, 09:31