У Францыі стварылі Кананічны крымінальны суд – першы ў Касцёле
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Суд замяніў сабой – выключна ў крымінальных справах – усе існуючыя дыяцэзіяльныя і міждыяцэзіяльныя суды ў Францыі. Яго юрысдыкцыя распаўсюджваецца на ўсю тэрыторыю краіны.
Рашэнне аб стварэнні трыбунала было прынята мясцовым епіскапатам на пленарнай асамблеі ў сакавіку 2021 года. Акрамя суддзяў з шэрагаў духавенства, ён будзе ўкамплектаваны адпаведным чынам падрыхтаванымі свецкімі супрацоўнікамі са ступенню доктара ці ліцэнцыята кананічнага права. Іх будзе прызначаць Пастаянная рада Канферэнцыі Біскупаў Францыі.
Гэта першы трыбунал такога тыпу ў свеце, бо ніводная іншая біскупская канферэнцыя не заснавала суд у такой форме і з такімі кампетэнцыямі.
Пасяджэнні будуць праходзіць у закрытым фармаце. Пакаранні, якія суд можа накласці ў адпаведнасці з кананічным правам, уключаюць: адхіленне ад пасады, забарону (або загад) заставацца ў дадзеным месцы, забарону выконваць святарскія функцыі, экскамуніку, перавод у свецкі стан, штраф або кампенсацыю.
Рашэнні трыбунала могуць быць абскарджаны ў Апостальскай Сталіцы.