Калядны канцэрт у базыліцы святога Яна на Латэране
Марыя Валодзіна – Vatican News
Увечары 18 снежня 2022 года ў папскай базыліцы святога Яна на Латэране пройдзе традыцыйны калядны канцэрт, у якім прымуць удзел хор Рымскай дыяцэзіі і аркестр Fideles et Amati пад кіраўніцтвам маэстра Марка Фрызіна. Будуць выконвацца знакамітыя музычныя творы каляднай традыцыі: Adeste fideles, White Christmas, Jingle bells, Stille Nacht, Feliz Navidad, Tu scendi dalle stelle, - паведамляе прэс-служба Рымскага вікарыята.
Сёлетні канцэрт, натхнёны энцыклікай Яна XXIII Pacem in terris, будзе прысвечаны тэме міру. “Супакой нараджаецца ў сэрцы, а затым пранізвае сям'ю, грамадства, свет. Гэта дар Божы, ласка Святога Духа, якую Хрыстус пралівае на стварэнне і якая зыходзіць з сэрца Усявышняга, каб дасягнуць усіх нас,” - адзначыў італьянскі кампазітар.
Канцэрт будзе трансліравацца ў прамым эфіры на італьянскім тэлеканале Telepace, а таксама ў сацыяльных сетках Рымскай дыяцэзіі. Ён адбудзецца ўжо ў трыццаць восьмы раз. Традыцыя не перарвалася нават падчас пандэміі каронавіруса: у 2020 годзе канцэрт гучаў у пустой залі і трансліраваўся тысячам слухачоў у прамым эфіры, а ў 2021 годзе на яго былі запрошаны нешматлікія госці.