Кардынал Дзупі: вайна паміж хрысціянамі прыніжае і шакіруе
Марыя Валодзіна – Vatican News
У набажэнстве, арганізаваным па ініцыятыве італьянскага епіскапату і архідыяцэзіі Бары-Бітонта, прынялі ўдзел біскупы італьянскага рэгіёна Апулія, дэлегаты ўкраінскага епіскапату, Апостальскага экзархата для ўкраінскіх католікаў візантыйскага абраду, якія пражываюць у Італіі, а таксама праваслаўныя вернікі.
"Вайна паміж хрысціянамі прыніжае і шакіруе, абражае нашага адзінага і агульнага Настаўніка, які загадвае пакласці меч у ножны, нагадваючы, што той, хто з мячом прыйдзе, ад мяча і загіне, што насілле заўсёды пакідае след у жыцці ахвяры і забойцы", - сказаў у гаміліі іерарх.
"Што можа думаць святы Мікалай, акрамя як засмуціцца і папрасіць спыніцца ў імя Бога?"- запытаў кардынал Дзупі. "Не кажыце, што няма ўмоў! Умовы знаходзяцца. Давайце спынім баявыя дзеянні, якія прыводзяць толькі да разбурэння! Мір - гэта не мара, гэта адзіны лад жыцця! Гэта адзіны выбар, а не адзін з магчымых выбараў."
Напрыканцы ўрачыстасці яго ўдзельнікі спусціліся ў склеп базылікі, дзе пахаваны святы Мікалай. Ён ушаноўваецца католікамі і праваслаўнымі, і мае асаблівае значэнне для ўкраінскага і рускага народаў.
Пасля кароткай маўклівай малітвы ля магілы святога кардынал Дзупі наліў алей у лампаду ў форме карабля, якая захоўваецца ў касцёле як сімвал адзінства каталіцкай і праваслаўнай канфесій.