Папа Францішак і Папа на пенсіі Бэнэдыкт XVI Папа Францішак і Папа на пенсіі Бэнэдыкт XVI 

Малітоўная салідарнасць Касцёла з Бэнэдыктам XVI

У сувязі з пагаршэннем стану здароўя Бэнэдыкта XVI многія епіскапаты і лідары Касцёла заклікалі адказаць на просьбу Францішка далучыцца да малітваў за Папу на пенсіі.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Два кардыналы, блізкія да Ёзэфа Ратцынгера, Рабэр Сара і Крыстаф Шонбарн, выказаліся ў Twitter. Прэфект-эмерыт Дыкастэрыі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў заклікаў аб’яднацца ў малітве “ў гэты цяжкі і сур’ёзны час”. Арцыбіскуп Венскі і старшыня аўстрыйскага епіскапату заахвоціў сваіх суайчыннікаў маліцца за Папу па пенсіі, нагадваючы пра моцную сувязь, якая з дзяцінства лучыць Бэнэдыкта XVI з іх краінай і Касцёлам.

Заклік да малітвы скіраваў таксама старшыня Канферэнцыі Біскупаў Францыі арцыбіскуп Эрык дэ Мулен-Бафор: “Пане, католікі Францыі ў еднасці з Францішкам і ўсім Касцёлам даручаюць Табе Твайго слугу Бэнэдыкта XVI і тых, хто апякуецца ім”.

Кардынал Матэа Дзупі, старшыня італьянскага епіскапату, да якога Папа-эмерыт належаў як Прымас Італіі ў 2005-2013 гадах, заклікаў італьянцаў скіраваць думкі да Бэнэдыкта XVI і маліцца за яго. Ён назваў “моцным пасланнем” для Касцёла і ўсяго грамадства “новы шлях” служэння, які Ёзэф Ратцынгер прыняў пасля адстаўкі з пасады Біскупа Рыма.

На сайце Канферэнцыі Біскупаў Германіі быў апублікаваны спецыяльны тэкст малітвы, які ўтрымлівае просьбу да Бога падтрымаць Папу-эмерыту “ў яго хваробе і слабасці” і дапамагчы яму адчуць “салідарнасць многіх людзей, якія цяпер заступаюцца за яго ў малітве”. Многія нямецкія кардыналы і біскупы на сваіх старонках у сацыяльных сетках заклікалі да малітвы за Бэнэдыкта XVI .

Заклапочанасцю ў сувязі ў пагаршэннем стану здароўя Ёзэфа Ратцынгера падзяліўся кардынал Блэйз Сьюпіч, арцыбіскуп Чыкага. “Злучым нашы малітвы з малітвамі папы Францішка і католікаў усяго свету, просячы аб ласцы Пана, каб дапамог падтрымаць папу Бэнэдыкта, як ён падтрымліваў Касцёл сваім маўклівым сведчаннем”, - напісаў ён. Заклікам Святога Айца падзяліліся і іншыя іерархі з ЗША, сярод якіх арцыбіскуп Нью-Ёрка, кардынал Цімаці Долан, і арцыбіскуп Бостанскі, кардынал Шон Патрык О’Мэлі, старшыня Папскай камісіі па абароне непаўналетніх.

Архіепіскап Кіева-Галіцкі Святаслаў Шаўчук, прадстаяцель Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы, нагадаў, што 10 лістапада 2022 года сустракаўся з Ёзэфам Ратцынгерам, які запэўніваў у малітве за ўкраінскі народ. “Уся Украінская Грэка-Каталіцкая Царква, жадае сабрацца ў малітве вакол гэтага вялікага сведкі нашага часу, дзякуючы яму за маўклівае сведчанне як Папы-эмэрыта і адначасова ўзгадваючы і стараючыся рэалізаваць яго намаганні на карысць адзінства Касцёла, што было надзвычайнай рысай яго пантыфікату”, - напісаў украінскі іерарх.

Каталіцкія біскупы Беларусі заклікалі падтрымаць малітвай “адданага слугу і іерарха Хрыстовага Касцёла, вялікага абаронцу веры нашага часу”. “Няхай гэтая малітва будзе выразам нашай удзячнасці Папу Бэнэдыкту XVI за мужнае сведчанне веры, пакоры і адданасці Каталіцкаму Касцёлу, якое ён даў падчас свайго пантыфікату, а таксама за яго малітвы, якімі ён у цішыні на працягу апошніх васьмі гадоў падтрымлівае Паўсюдны Касцёл”, - гаворыцца ў заяве беларускага епіскапату.
 

29 снежня 2022, 10:33