Мітрапаліт Львоўскі ўдзячны Папу за гуманітарны візіт элемазінарыя
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Старшыня рыма-каталіцкага епіскапату Украіны падкрэсліў, што дзякуючы візіту кардынала Конрада Краеўскага, людзі адчулі блізкасць і пяшчоту Святога Айца. Ён нагадаў, што дзякуючы гуманітарнай дапамозе з Ватыкана многія патрабуючыя атрымалі электрагенератары, тэрмавопратку і лекі.
“Я вельмі рады, што Святы Айцец Францішак у чарговы, ужо ў пяты раз, прыслаў свайго пасланніка кардынала Конрада Краеўскага сюды, ва Ўкраіну, - сказаў арцыбіскуп-мітрапаліт Львоўскі ў каментары для Vatican News. – Я чуў, як Святы Айцец запісаў яму на мабільны тэлефон словы ўдзячнасці і падзякі за знаходжанне ва Украіне, сярод нас. Кардынал не толькі прынёс матэрыяльную дапамогу, што вельмі важна, але перш за ўсё ён сустрэўся са святарамі, сустрэўся з вернікамі, з вайскоўцамі і прынёс гэту іскру надзеі, якая ўмацоўвае, умацоўвае дух нашага ўкраінскага народа, каб ён не спыняўся на сваім шляху, каб ён адстойваў свае правы, свабоду, мір. Наведваючы Львоў, Кіеў і іншыя гарады, кардынал наблізіў Святога Айца да нашага Касцёла ва Украіне і перадаў добрую навіну пра тое, што Папа памятае пра нас і клапоціцца пра нас. Ён перадаў гэта ўсім, каго сустракаў на сваім шляху”.