На магіле святога Мікалая пройдзе малітва за мір
У італьянскім Бары, дзе пахаваны святы Мікалай, якога ўшаноўваюць як католікі, так і праваслаўныя, пройдзе малітва за мір. Гэты святы мае асаблівае значэнне для ўкраінскага і рускага народаў.
Марыя Валодзіна - Vatican News
Набажэнства адбудзецца за некалькі дзён да свята Божага Нараджэння, 21 снежня 2022 года, у 18.30, у базыліцы святога Мікалая ў Бары. Яго арганізавалі італьянская біскупская канферэнцыя і мясцовая архідыяцэзія.
“Мы просім заступніцтва святога Мікалая, чалавека супакою і еднасці, каб тыя, хто трымае ў руках лёс народаў, змаглі супрацьпаставіць нянавісці любоў, агульнае дабро – асабістым інтарэсам, дыялог – звону зброі”, - патлумачыў старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Італіі, кардынал Матэа Дзупі, які ўзначаліць малітву.
10 снежня 2022, 13:03