Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Тыдзень у Беларусі – важнае

Агляд значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

Вызначана месца часовага размяшчэння парафіі святога Сымона і Святой Алены ў Мінску. На час закрыцця Чырвонага касцёла яна будзе весці парафіяльную дзейнасць у архікатэдры Найсвяцейшага Імя Марыі. Таксама, згодна з дэкрэтам Мітрапалітарнай курыі, ксёндз канонік Юрый Санько прызначаны адміністратарам парафіі святога Сымона і святой Алены – для вядзення спраў, звязаных з рамонтам і будаўнічымі працамі ў Чырвоным касцёле, у якасці афіцыйнага прадстаўніка парафіі і курыі ў вядзенні перамоў з дзяржаўнымі ўладамі.

Апостальскі нунцый маліўся аб супакоі для душы Уладзіміра Макея. Святую Імшу ў гэтай інтэнцыі арцыбіскуп Антэ Ёзіч цэлебраваў у капліцы Апостальскай нунцыятуры ў Мінску 27 лістапада 2022 года. Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей раптоўна пайшоў з жыцця ва ўзросце 64-х гадоў. Таксама ватыканскі дыпламат удзельнічаў у развітанні з ім і пахаванні.

У Навагрудку сустрэліся настаяцелі і прадстаўнікі манаскіх супольнасцяў у Беларусі. Тут 28 лістапада 2022 года прайшоў пленарны сход Каардынацыйнай групы. Супольную Эўхарыстыю цэлебраваў старшыня біскупскай канферэнцыі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Пасля перад сабранымі выступіў генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі – адказны за пастырства інстытутаў кансэкраванага жыцця.

У той жа дзень арцыбіскуп Юзаф Станеўскі наведаў супольнасць братоў капуцынаў у сталіцы. Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі пазнаёміўся з дзейнасцю братоў, жыццём парафіі святога Францішка, душпастырскае служэнне ў якой нясуць браты капуцыны, агледзеў актуальны стан комплекса, які ўзводзіцца ў Новай Баравой. Ён уключае касцёл, званіцу, уваходную браму, капліцу, бібліятэку, шэраг душпастырскіх памяшканняў і кляштар братоў капуцынаў.

У Браславе заканчэнне літургічнага года адзначылі хрысціянскім балем. 26 лістапада 2022 года ў парафіяльным доме імя благаслаўлёнага айца Францішка Ярдана па традыцыі прайшла вечарына для моладзі. Да браслаўскіх парафіянаў далучыліся маладыя вернікі сальватарыянскай парафіі Святога Духа з Віцебска. Прысутных чакаў пачастунак, выступленне музычнага гурта SounDay Band, латарэя.

Раратнюю святую Імшу ў мінскай архікатэдры цэлебраваў арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч. 1 снежня 2022 года падчас цэлебрацыі іерарх запрасіў прысутных быць "жывымі сведкамі хрысціянства, соллю зямлі і святлом свету, каб зберагчы яго ад маральнага разлажэння".

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholicnews.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.
 

03 снежня 2022, 09:31