Архіепіскап  Святаслаў Шаўчук Архіепіскап Святаслаў Шаўчук  

Украіна: экуменічная камісія па рэформе літургічнага календара

Кіраўнікі Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы і Праваслаўнай Царквы Украіны абмеркавалі рэформу літургічнага календара. 24 снежня 2022 года ў Кіеве прайшла сустрэча архіепіскапа Шаўчука і мітрапаліта Епіфанія.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Іерархі канстатавалі, што рэформа літургічнага календара становіцца ўсё больш і больш актуальнай праблемай у кантэксце Раства і Вялікадня. Пасля абмеркавання яны вырашылі стварыць рабочую групу, задачай якой будзе ўсебаковае вывучэнне праблематыкі для выпрацоўкі канкрэтных прапаноў для духавенства і Сінодаў абедзвюх Цэркваў у кантэксце падрыхтоўкі да 1700-годдзя першага Сусветнага Сабора, які адбыўся ў Нікеі ў 325 годзе. Менавіта на ім былі ўсталяваны правілы літургічнага календара.

Украінскія грэка-католікі, як і некаторыя Праваслаўныя і Усходнія Цэрквы, карыстаюцца юліянскім календаром і святкуюць Раство Хрыстова 7 студзеня. Большасць жа заходніх і ўсходніх хрысціян адзначаюць урачыстасць 25 снежня, паводле грыгарыянскага календара.

Некаторыя Усходнія Цэрквы разглядаюць магчымасць увядзення так званага новаюліянскага каляндара, паводле якога нерухомыя святы, напрыклад Божае Нараджэнне, адзначаліся б па грыгарыянскім календары, а ўвесь велікодны цыкл – па юліянскім.

На экуменічнай сустрэчы таксама абмяркоўваліся міжрэлігійныя адносіны і стан царкоўна-дзяржаўных кантактаў ва Украіне, а таксама працяг ваеннай агрэсіі Расіі супраць Украіны і перспектывы пасляваеннага развіцця краіны.
 

27 снежня 2022, 13:02