Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (allison dinner)

COMECE: спрыяць цэласнаму развіццю і якаснай адукацыі ў ЕС

Камісія біскупскіх канферэнцый Еўрапейскай супольнасці (COMECE) прадставіла свае прапановы і пажаданні ў сувязі з афіцыйна абвешчаным у ЕС Годам навыкаў.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Дакумент быў распрацаваны разам з Федэрацыяй каталіцкіх сямейных асацыяцый Еўропы (FAFCE) і салезіянскай арганізацыяй Don Bosco International. Каталіцкія еўрапейскія аб’яднанні ўручаць яго Еўрапейскай камісіі 13 студзеня 2023 года, заклікаючы палітыкаў спрыяць інтэгральнаму развіццю асобы і падкрэсліваючы важнасць якаснай адукацыі і выхавання.

Паколькі адукацыя спадарожнічае кожнаму чалавеку на шляху яго поўнага развіцця і росту, то, калі гаворка ідзе пра фармаванне навыкаў і выхаванне, важна, каб чалавечая асоба была ў цэнтры адукацыйнага прагрэсу ў сілу сваёй годнасці, сваёй унікальнасці і сваіх талентаў, - гаворыцца ў тэксце.

У дакуменце ўтрымліваецца таксама спасылка на Глабальны адукацыйны саюз, які быў ініцыяваны Францішкам і накіраваны на “змены ў планетарным маштабе, каб адукацыя спрыяла братэрству, міру і справядлівасці”.

Каталіцкія аб’яднанні заахвочваюць прасоўваць цэласны падыход у адукацыі і прафесійнай фармацыі, зрабіць удзел у гэтым працэсе шырока даступным і інклюзіўным, а таксама дапамагчы арганізацыям грамадзянскай супольнасці дасягнуць самых уразлівых членаў грамадства, якія найбольш рызыкуюць стаць ахвярамі сацыяльная няроўнасці і дыскрымінацыі, у тым ліку ў доступе да сферы адукацыі і фармацыі. Падкрэсліваецца, што ў 19-ці краінах ЕС дзейнічаюць 196 салезіянскіх цэнтраў прафесійнай падрыхтоўкі моладзі, у якіх навучаюцца больш за 62 тысячы студэнтаў 90% з якіх паходзяць з уразлівых кантэкстаў.

Звяртаецца ўвага на дэмаграфічныя праблемы Еўрапейскага Саюза: чакаецца, што да 2070 года каля 30% яго насельніцтва будуць складаць людзі ва ўзросце старэйшым за 65 гадоў, а прыбыццё мігрантаў у Еўропу зможа кампенсаваць змяншэнне насельніцтва працоўнага ўзросту толькі часткова. У сувязі з гэтым патрэбны палітычныя рашэнні і інвестыцыі на карысць сям’і, у прыватнасці неабходна вырашыць праблемы ў сферы адносін паміж сям’ёй і працоўнай дзейнасцю.

Падкрэсліваецца важнасць умацавання сувязі паміж адукацыйнымі сістэмамі, прафесійнай падрыхтоўкай і навучаннем навыкам. З улікам актуальных працэсаў у развіцці сацыяльнай і эканамічнай сферы патрэбны перамены ў традыцыйнай парадыгме школа-праца-пенсія: неабходна спрыяць перманентнай фармацыі, што будзе садзейнічаць не толькі развіццю саміх людзей, але таксама ўсяго грамадства. Каталіцкія арганізацыі Еўрапейскага Саюза заклікаюць, каб ініцыятывы ў рамках Года навыкаў былі ўважлівымі да патрэбаў і індывідуальных здольнасцей, асабліва людзей, якія знаходзяцца ў сітуацыі ўразлівасці.

Адзначаецца патрэба ўключэння ў фармацыйныя праграмы выхавання павагі да розных культур, паглыбленне знаёмства з лічбавымі тэхналогіямі, увагі да людзей з асаблівасцямі развіцця. Падкрэсліваецца, што неабходна з маленства вучыць дзяцей належна карыстацца сучасным сродкамі камунікацыі, а таксама ўмацаваць прафілактыку злачынстваў супраць непаўналетніх у інтэрнэце. Звяртаецца ўвага на важнасць стварэння ўмоў для перманентнай прафесійнай фармацыі для маці, якія знаходзяцца ў дэкрэтным адпачынку.
 

12 студзеня 2023, 10:20