Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Кардынал: нямецкі “сінадальны шлях” – праект эліт, а не народа

У нямецкім “сінадальным шляху”, у адрозненне ад агульнакасцёльнага сінадальнага працэсу, няма кансультацый з народам Божым, і Папа гэта вельмі крытыкуе, - заўважыў кардынал Жан-Клод Олерыш.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Гэты праект з’яўляецца справай пэўных эліт і біскупаў, а не ўсяго народа Божага, - лічыць генеральны рэлятар Сінода Біскупаў. Ён прызнаў, што немцы лічаць сябе авангардам; яны чамусьці перакананыя, што справаздача, падрыхтаваная для кантынентальных сінадальных асамблей, пацвярджае іх рацыю. Тым не менш, ёсць адрозненні.

Арцыбіскуп Люксембурга падзяліўся сваімі думкамі ў шырокім інтэрв'ю французскаму тэлебачанню KTO. Ён падкрэсліў, што нямецкаму “сінадальнаму шляху” не хапае евангелізацыйнага вымярэння. Нельга казаць пра Касцёл, калі не казаць пра місію. На яго думку, Касцёл рэфармуецца, калі жыве сваёй місіяй і пакліканнем.

Іерарх таксама адзначыў слабую зацікаўленасць моладзі сінадальным працэсам. На яго думку, нельга адназначна сказаць, чаго сёння маладыя людзі хочуць ад Касцёла. Аднак ён прызнаў, што яны больш класічныя ў сваім каталіцтве, чым старэйшае пакаленне.

“Ім патрэбна ідэнтычнасць. І я думаю, што трэба сказаць тым, хто больш прагрэсіўны ў Касцёле, што яны павінны гэта разумець. Маладыя католікі ў сваім асяроддзі складаюць меншасць. Часам яны становяцца аб'ектам агрэсіі ў школе з боку выкладчыкаў і аднакласнікаў. Ім патрэбна моцная ідэнтычнасць. Аднак мы павінны зрабіць так, каб гэтая моцная і вельмі неабходная ідэнтычнасць не ператварылася ў закрытую ідэалогію, каб яна заставалася ў дыялогу”, - падкрэсліў генеральны рэлятар Сінода.

Ён прызнаўся, што пасля размоў з маладымі людзьмі бачыць разыходжанне паміж тым, што яны кажуць і тым, як яны жывуць, калі гаворка ідзе, напрыклад, пра сексуальную мараль. У сваім жыцці, у адрозненне ад таго, што кажуць, яны больш падзяляюць “каштоўнасці” гэтага свету.
 

13 студзеня 2023, 10:54