Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Міжнародная група іерархаў наведае хрысціян у Іарданіі

Хрысціяне Іарданіі будуць у цэнтры ўвагі сёлетняга візіту салідарнасці каталіцкіх і англіканскіх іерархаў у Святую Зямлю. Ён пачнецца 14 студзеня 2023 года ў Амане і працягнецца пяць дзён.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У інтэрв’ю нямецкаму каталіцкаму агенцтву KNA біскуп Уда Бенц, які з’яўляецца старшынёй рабочай групы па Блізкім і Сярэднім Усходзе каталіцкага епіскапату Германіі, адзначыў, што з прычыны цесных сувязяў многіх палесцінцаў з Іарданіяй, палітыка Ізраіля таксама ўплывае на ўмовы, якія там пануюць. У кантэксце новага ізраільскага ўрада іерархі звернуць увагу і на палітычныя аспекты сітуацыі.

У праграме 23-й Міжнароднай сустрэчы біскупаў на тэму салідарнасці з хрысціянамі Святой Зямлі – візіты ў каталіцкія парафіі, размовы з прадстаўнікамі Лацінскага Касцёла, хрысціянскімі палітыкамі і дыпламатамі. Адзін з важных момантаў будзе тычыцца дапамогі, якую нясуць хрысціянскія ўстановы ўцекачам з Сірыі і Ірака.

Акцыя салідарнасці рэалізуецца з 1998 года, заўсёды ў студзені, па ініцыятыве Апостальскай Сталіцы і па запрашэнні каталіцкіх біскупаў у Святой Зямлі.
 

11 студзеня 2023, 10:08