Кардынал Анжэла Дэ Данаціс Кардынал Анжэла Дэ Данаціс 

Рымская дыяцэзія развітаецца з Бэнэдыктам XVI

12 студзеня 2023 года Рымская дыяцэзія развітаецца са сваім біскупам-эмерытам Бэнэдыктам XVI. Імшу ў базыліцы святога Яна на Латэране ўзначаліць Генеральны вікарый дыяцэзіі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Кардынал Анжэла Дэ Данаціс, адразу пасля пахавання Бэнэдыкта XVI, якое адбылося 5 студзеня 2023 года, запрасіў католікаў Вечнага Горада прыняць удзел у літургіі.

“Суцешаныя ў Духу, як сведкі еднасці ў веры, перажытай падчас ранішняй пахавальнай цэлебрацыі, як дыяцэзіяльная супольнасць Рыма, мы працягваем давяраць нашага Папу-эмерыта Бэнэдыкта XVI у рукі Айца”, - напісаў іерарх у запрашэнні.

Кардынал Дэ Данаціс узначаліў малітву Рымскай дыяцэзіі за паміраючага Бэнэдыкта XVI 30 снежня 2022 года, напярэдадні яго смерці. У гаміліі ён выказаў удзячнасць Богу за бескарыслівую любоў Папы-эмерыта да Рымскай дыяцэзіі. Ён адзначыў, што на працягу ўсяго свайго жыцця Бэнэдыкт XVI сведчыў вялікі давер да Божага Провіду, паказваючы такім чынам “моц і салодкасць веры”. Як святы Юзаф, падкрэсліваў прыярытэт Божага слова над чалавечымі словамі.

Іерарх нагадаў, што ў энцыкліцы Deus caritas est Бэнэдыкт XVI напісаў, што “на пачатку хрысціянства не стаіць этычнае рашэнне або нейкая вялікая ідэя, але сустрэча з падзеяй, з Асобай, якая дае жыццю новую перспектыву”. Ён нагадаў і іншыя яго словы: “Хто верыць, той ніколі не самотны”.

Нават у сталым узросце і ў хваробе Бэнэдыкт XVI умацоўваў чалавецтва поўным дарам самога сябе і, у поўнай згодзе з Папам Францішкам, паказваў свету аблічча Хрыста. А смерць, да якой вядзе кожнае чалавечае жыццё, ён разумеў як паглыбіцца ў акіян бясконцай любові, - адзначыў Генеральны вікарый Рымскай дыяцэзіі.
 

12 студзеня 2023, 10:49