Святы Пасад крытычна аб рашэннях сінадальнага шляху ў Германіі
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Ліст за подпісамі кардынала Дзяржсакратара П’етра Параліна і прэфектаў Дыкастэрыі веравучэння кардынала Луіса Ладарыі і Дыкастэрыі па справах біскупаў кардынала Марка Уэле быў апублікаваны Канферэнцыяй Біскупаў Германіі 23 студзеня 2023 года.
Пантыфік ухваліў ліст “in forma specifica і распарадзіўся аб яго перадачы” адрасатам. Гэтаму папярэднічаў пісьмовы запыт кёльнскага кардынала Райнэра Марыі Вёлькі і біскупаў Грэгара Марыі Ханке з Айхштэта, Бертрама Майера з Аўгсбурга, Штэфана Остэра з Пасаў і Рудольфа Водэрхольцэра з Рэгенсбурга ад 21 снежня 2022 года.
Яны спыталі, ці павінны біскупы ўдзельнічаць у сінадальнай камісіі, якая займаецца арганізацыяй пастаяннай сінадальнай рады. Іерархі паставілі пад сумнеў, ці варта ім наогул удзельнічаць у ініцыятыве пасля таго, як 21 ліпеня 2022 года Святы Пасад абвясціў аб тым, што сінадальны шлях “не кампетэнтны” “абавязваць біскупаў і вернікаў прымаць новыя формы кіравання і новыя напрамкі дактрыны і маралі”.
У пастанове нямецкага сінадальнага шляху ад 10 верасня 2022 года сказана: “Сінадальная рада, як кансультатыўны орган і орган, які прымае рашэнні, разважае пра важныя падзеі ў Касцёле і грамадстве і на гэтай аснове прымае фундаментальныя рашэнні наддыяцэзіяльнай важнасці ў сферы душпастырскага планавання, у пытаннях будучыні Касцёла і ў фінансавых і бюджэтных справах Касцёла, якія не вырашаюцца на дыяцэзіяльным узроўні”. Яна павінна быць створана не пазней за сакавік 2026 года.
Кардыналы Паралін, Ладарыя і Уэле заявілі ў лісце, што нямецкія біскупы не абавязаны ўдзельнічаць у працы сінадальнай камісіі, якая, як выглядае, імкнецца паставіць сябе “вышэй за ўладу Канферэнцыі Біскупаў Германіі і дэ-факта замяніць яе”. Гэта ж тычыцца і дыяцэзіяльных сінадальных рад, якія, паводле праекта, будуць стаяць “вышэй за ўладу біскупа ў яго дыяцэзіі”. Адзначаецца, што нямецкія прапановы супярэчаць вучэнню Другога Ватыканскага Сабора.