Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Тыдзень у Беларусі – важнае

Агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч наведаў гродзенскую катэдру. Ва ўрачыстасць Аб’яўлення Пана, 6 студзеня 2023 года, у касцёле святога Францішка Ксаверыя заслужаны іерарх цэлебраваў святую Імшу разам з біскупам Гродзенскім Аляксандрам Кашкевічам і пробашчам парафіі ксяндзом Янам Кучынскім. А ў свята Хросту Пана арцыбіскуп эмерыт служыў Эўхарыстыю ў гродзенскай катэдры для літоўскай супольнасці.

Абвешчаны конкурс для дзяцей і моладзі да 25-годдзя каранацыі абраза Маці Божай Будслаўскай. У конкурсе Марыя ў маім сэрцы можна прадставіць свае творы ў дзвюх намінацыях: Паэзія і Малюнак. Конкурсныя работы прымаюцца да 1 мая 2023 года, узнагароджанне пераможцаў адбудзецца падчас Будслаўскага фэсту 1 ліпеня.

Сустрэча дзяцей прайшла ў Тракельскім санктуарыі. У свята Хросту Пана, 8 студзеня 2023 года, у санктуарыі Каралевы нашых сем'яў сабраліся дзеці з розных парафій Беларусі. Кусташ санктуарыя Гродзенскай дыяцэзіі ксёндз Юрый Бяганскі адзначыў, што такія сустрэчы дапамагаюць выхаванню дзяцей у межах катэхізацыі і спрыяюць духоўнаму збліжэнню. Ён дадаў, што, хоць кожны з дзяцей атрымаў прэзент, самы вялікі падарунак – гэта любячы позірк Марыі, найлепшай Маці.

З удзелам біскупа Юрыя Касабуцкага адбылася сустрэча святароў Маладзечанскага дэканату. 9 студзеня 2023 года ў парафіі святога Юзафа ў Маладзечне Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі цэлебраваў святую Імшу. Звяртаючыся ў гаміліі да святароў дэканату, іерарх адзначыў, што важна не губляць сапраўдны сэнс Божага Нараджэння, "калі Слова Божае прыняло нашую чалавечую натуру і стала маленькім дзіцяткам, каб разам з намі прайсці ўвесь шлях чалавечага жыцця ад зачацця да смерці і паказаць нам магчымасць дасягнення вечнага жыцця ў Нябесным Валадарстве".

Залаты юбілей манаскага жыцця адзначыла ў Гродне сястра назарэтанка. Святую Імшу ў інтэнцыі сястры Тэрэзы Касінскай 7 студзеня 2023 года ў доме Кангрэгацыі Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта цэлебраваў арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч разам з біскупам Гродзенскім Аляксандрам Кашкевічам. У гаміліі гродзенскі ардынарый назваў вельмі яскравым знакам тое, што гэты юбілей святкуецца ў літургічны перыяд Нараджэння Пана – час вельмі блізкі і дарагі кожнай назарэтанцы, бо непасрэдна звязаны з духоўнасцю і харызмай іх супольнасці.

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.
 

14 студзеня 2023, 08:28