Удзельнікі Кантынентальнай асамблеі Акіяніі, 5-10 лютага 2023 года, Сува, Фіджы Удзельнікі Кантынентальнай асамблеі Акіяніі, 5-10 лютага 2023 года, Сува, Фіджы 

Акіянія: Сінод спрыяе развіццю “ціхаакіянскай тэалогіі”

Біскупы і свецкія, якія ўдзельнічалі ў кантынентальным этапе сінадальнага працэсу для Акіяніі, станоўча ацанілі некалькі дзён дыскусій у сталіцы Фіджы – Суве.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У паведамленні Канферэнцыі Біскупаў Аўстраліі гаворыцца, што “характэрны голас Акіяніі” будзе працягваць гучаць у сінадальным працэсе.

Адпаведны дакумент Федэрацыі каталіцкіх біскупскіх канферэнцый Акіяніі (FCBCO) будзе апублікаваны ў бліжэйшыя тыдні. Яго мэта – развіццё "ціхаакіянскай тэалогіі".

Падсумоўваючы дэбаты, аўстралійскі арцыбіскуп Марк Кольрыдж падкрэсліў, што дзякуючы кансультацыям паступова з’яўляецца “голас Ціхага акіяна”.

Удзельнікі змаглі “прапанаваць біскупам смак тэалогіі, якая паходзіць з рэгіёна, карысны для супольных разважанняў”, - адзначыла тэолаг Аўстралійскага каталіцкага ўніверсітэта Сэндзі Корніш. Яна прыняла ўдзел у абмеркаваннях групы тэолагаў з Аўстраліі, Новай Зеландыі, Фіджы і Папуа-Новай Гвінеі.

Соанэ Мафі з Тонга звярнуў увагу на развіццё дадатковых тэалагічных магчымасцей. На яго думку, трэба зрабіць больш, каб заахвоціць свецкіх да вывучэння тэалогіі і займацца тэалогіяй з пункту гледжання Ціхаакіянскага рэгіёну.

Дэбаты, якія праходзілі пад дэвізам: Захаваць акіян, каб выратаваць Маці-Зямлю, былі прысвечаны пытанням аховы навакольнага асяроддзя і змены клімату.

З ватыканскага боку ў працы Кантынентальнай асамблеі Акіяніі прыняў удзел прэфект Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека, кардынал Майкл Чэрны і сястра Наталі Бэкар, падсакратар у Генеральным сакратарыяце Сінода Біскупаў.
 

14 лютага 2023, 12:39