Кардынал Хасэ Хасэ Амэла Кардынал Хасэ Хасэ Амэла 

Асамблея Сінода Біскупаў у Празе: падсумаванне працы ў групах

Мы перажываем цікавы гістарычны момант у Касцёле, - адзначыў іспанскі кардынал Хуан Хасэ Амэла, падсумоўваючы працу ў групах падчас Еўрапейскай асамблеі Кантынентальнага этапу Сінода Біскупаў у Празе. Форум завершыцца 12 лютага 2023 года.

Ян Глінскі

Арцыбіскуп Барселоны прыняў удзел у абмене меркаваннямі, якімі завяршылася праца ў групах над першым пытаннем дакумента кантынентальнага этапу: якія ідэі, змешчаныя ў тэксце, атрымалі найбольшы рэзананс?

Трынаццаць працоўных груп прадставілі адказы, сфармуляваныя паводле моўных і нацыянальных крытэрыяў, а таксама сямейнага статусу. У кароткіх адказах з трох пунктаў звярталася ўвага на тое, што сінадальнасць – гэта значыць ісці разам у Каталіцкім Касцёле, а потым разам з іншымі хрысціянамі і людзьмі добрай волі. Аднак, каб пашырыць прастору касцёльнага намёту, трэба найперш пашырыць сваё сэрца, што патрабуе навяртання. Таму на сінадальным шляху абавязковымі з’яўляюцца сакрамэнтальнае жыццё, чытанне Святога Пісання і малітва.

Указвалася, што Касцёл павінен дзейнічаць разам з іншымі, а не толькі для іншых; павінен спадарожнічаць людзям, нягледзячы на тое, хто яны і якія іх адносіны з Хрыстом. Касцёл быў названы сям’ёй Божай, у якой пануе безумоўная акцэптацыя, – за выключэннем праблем, якія патрабуюць ачышчэння. Падкрэслівалася моц сведчання веры, сканцэнтраванай на Хрысце, што прыцягвае іншых людзей. Выказвалася шкадаванне адносна мовы Касцёла і яго дакументаў, “далёкай” ад досведу людзей.

У свабодных выказваннях звярталася ўвага на неабходнасць глыбокага разумення значэння сінадальнасці і выкарыстання выразнай тэрміналогіі, каб пазбегнуць непаразуменняў. Прагучала асцярога, каб не гаварыць занадта канцэптуальна пра сінадальнасць, а за метадалогіяй, ідэалогіяй і тэалогіяй не губляліся канкрэтныя аспекты сінадальнасці.

Арцыбіскуп Паола Пецы, старшыня каталіцкага епіскапату Расіі, заўважыў, што сінадальны працэс аказаўся вельмі карысным у адкрыцці харызмаў. Старшыня нямецкага епіскапату біскуп Георг Бэтцінг, у сваю чаргу, выказаў радасць, што сінадальнасць умацоўваецца як новы касцёльны стыль.

“Нас яднае адна выснова: мы хочам з радасцю ісці за Хрыстом, каб евангелізаваць Еўропу”, - падсумаваў кардынал Хуан Хасэ Амэла. Арцыбіскуп Барселоны прыгадаў дзве постасці канца XIX стагоддзя – французскага кардынала Шарля Лавіжэры і італьянскага святога Даніэля Камбоні, – якія, ахвяруючы сваім жыццём, з адвагай вырушылі ў невядомае, каб абвяшчаць пасланне Хрыста ў Афрыцы, у той час як у іх краінах Касцёл перажываў цяжкасці. Падобна было з каталіцкімі і англіканскімі мучанікамі з Уганды. Усе яны рабілі гэта з любові да мясцовых людзей і іх культуры, што прынесла плён. Іспанскі іерарх заахвоціў удзельнікаў форуму, па прыкладу згаданых місіянераў, быць новымі евангелізатарамі Еўропы.
 

10 лютага 2023, 12:54