Біскупы ЕС пратэстуюць супраць пераследу Касцёла ў Нікарагуа
Аляксандр Панчанка – Vatican News
6 лютага 2023 года стала вядома, што чатыры святары, дыякан, два семінарысты і свецкі вернік, аператар мясцовага каталіцкага тэлеканала, былі асуджаны на дзесяць гадоў турэмнага зняволення быццам за ўдзел у змове з мэтай падрыву нацыянальнай цэласнасці і распаўсюджванні фальшывых навін. Такія самыя абвінавачванні выстаўлены супраць біскупа Матагальпы Раланда Альварэса. Судовы працэс над іерархам павінен быў распачацца 28 сакавіка, але быў перанесены на 15 лютага.
Салідарнасць з мясцовым Касцёлам выказаў старшыня Камісіі біскупскіх канферэнцый Еўрапейскай Супольнасці (COMECE), кардынал Жан-Клод Олерыш, у лісце да біскупа Карласа Энрыке Эрэра Гут'ерэса, старшыні Канферэнцыі Біскупаў Нікарагуа.
Арцыбіскуп Люксембурга выказаў блізкасць біскупаў Еўрапейскага Саюза ў сувязі з цяжкай сітуацыяй, у якой апынуўся Касцёл у Нікарагуа з-за сістэматычнага пераследу з боку дзяржаўных уладаў. Ён заклікаў урад Даніэля Артэгі неадкладна вызваліць біскупа Раланда Альварэса і іншых затрыманых. Кардынал Олерыш асудзіў “закрыццё каталіцкіх радыёстанцый, перашкоды з боку паліцыі доступу ў касцёлы і іншыя сур’ёзныя дзеянні, якія парушаюць рэлігійную свабоду і грамадскі парадак”. Як біскупы COMECE, гаворыцца ў лісце, мы імкнемся спрыяць свабодзе, дэмакратыі і справядлівасці ў Нікарагуа праз наш рэгулярны дыялог з прадстаўнікамі інстытутаў ЕС.
Ціск на Касцёл у Нікарагуа аказваецца не першы год. У 2022 годзе ўрад выслаў з краіны Апостальскага нунцыя, арцыбіскупа Вальдэмара Зомэртага, а таксама 18 Місіянерак Любові, перад гэтым загадаўшы спыніць дзейнасць манаскай кангрэгацыі, заснаванай у 1980-х гадах Маці Тэрэзай з Калькуты. У Нікарагуа быў закрыты каталіцкі тэлеканал, дзевяць каталіцкіх радыёстанцый, чыняцца перашкоды ў правядзенні працэсій і пілігрымак, здзяйсняюцца напады на біскупаў, святароў і вернікаў.
Сапраўдным матывам пераследу сталі вельмі напружаныя адносіны паміж мясцовымі ўладамі і Касцёлам. Амаль усе біскупы краіны не прынялі ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах 7 лістапада 2021 года, на якіх Артэга дамогся свайго трэцяга пераабрання. Акрамя таго, напярэдадні выбараў у шматлікіх заявах яны крытыкавалі цяперашнюю сітуацыю, у якой не рэалізуюцца правы чалавека, а значыць, няма дэмакратыі.