Кардынал пра асамблею ў Празе: ўдалося пазбегнуць напружання
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Генеральны рэлятар Сінода Біскупаў па пытаннях сінадальнасці адзначыў, што ў Еўропе існуюць дзве рэлігійныя культуры: на Усходзе і на Захадзе. З гэтай прычыны падчас пражскай сустрэчы магло ўзнікнуць вострае напружанне, але гэтага не адбылося. Ён патлумачыў, што розніца ў поглядах “не перашкаджае самай глыбокай прыналежнасці да Хрыста”.
Іерарх заўважыў, што пытанні, узнятыя некаторымі дэлегатамі, такія як святарства жанчын або пасвячэнне жанатых мужчын, патрабуюць малітвы і супольнага разважання. “Мы павінны дазволіць Духу Святому дзейнічаць”, - сказаў кардынал Олерыш, патлумачыўшы, што “рашэнне, прынятае пад ціскам, заўсёды будзе дрэнным рашэннем”.
Арцыбіскуп Люксембургскі звярнуў увагу на тое, што Касцёл павінен быць адкрытым для ўсіх і больш сінадальным; ён не можа заставацца “клубам на чале са святаром”. На яго думку, у недалёкім будучым Касцёл зойме іншае месца ў грамадстве, чым гэта было раней. Складзены з “невялікіх, але жывых супольнасцей”, ён будзе Касцёлам, які размаўляе “на зразумелай людзям мове”.
З 5 па 9 лютага 2023 года ў Празе сустракаліся дэлегаты, духавенства і свецкія, 39 біскупскіх канферэнцый еўрапейскага кантынента. Затым, без удзелу СМІ, прайшла нарада старшынь епіскапатаў.