Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Касцёл у Сірыі ўключыўся ў дапамогу ахвярам землятрусу

Каталіцкі Касцёл у Сірыі актыўна ўключыўся ў дапамогу насельніцтву краіны, пацярпеламу ў выніку магутнага землятруса. У Алепа накіраваўся Апостальскі нунцый у гэтай краіне, кардынал Марыё Дзэнары.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“Усе касцёлы адчынілі свае дзверы для знясіленага насельніцтва, многія знайшлі прытулак у памяшканнях, прызначаных для душпастырскай дзейнасці. Тут, у парафіі, больш за 400 чалавек спалі на падлозе і ў крэслах”, - расказаў агенцтву SIR айцец Бахджат Эліа Каракач, святар з Кустодыі Святой Зямлі і пробашч каталіцкай парафіі ў Алепа.

Францішканін зазначыў, што пасля ранішняй святой Імшы каталіцкія вернікі пачалі раздачу сняданкаў. Ежай былі забяспечаны каля 2 тысяч чалавек. 500 порцый было адвезена ва Усходняе Алепа, найбольш пацярпелы ад землятрусу раён горада, значна разбураны яшчэ падчас аблогі ў ходзе грамадзянскай вайны. “У тым раёне пад заваламі шмат людзей. Мы кормім усіх і адчыняем свае дзверы для тых, хто мае патрэбу. Зараз пачнём ацэньваць шкоду, нанесеную дамам, шмат з якіх моцна пашкоджаныя і небяспечныя”, - сказаў святар.

Мінулай ноччу многія людзі спалі ў аўтамабілях або на вуліцы, у парках, у палатках, грэючыся ля імправізаваных вогнішчаў. Дамоў вярнуліся нямногія, бо рызыка абвалу будынкаў вельмі высокая. Няспынна працуюць экскаватары, бульдозеры, краны, па горадзе ездзяць машыны хуткай дапамогі, ратуючы чалавечыя жыцці.

У Алепа тэрмінова прыбудзе Апостальскі нунцый у Сірыі, кардынал Марыё Дзэнары. У мясцовай каталіцкай бальніцы на дадзены момант спынена аказанне звычайных медыцынскіх паслуг і ўся дзейнасць засяроджана на дапамозе ахвярам землятрусу. Прадстаўнікі каталіцкіх дабрачынных арганізацый наведваюць таксама прытулкі, створаныя сірыйскімі ўладамі, каб даведацца пра патрэбы перамешчаных людзей.

“Шматлікія грузавікі з дапамогай рознага віду, у тым ліку з прадуктамі харчавання і адзеннем, адправіліся ў Латакію і Алепа, найбольш пацярпелыя раёны. Але гэта пастаўкі, якія могуць быць выкарыстаны неадкладна, у сярэднетэрміновай і доўгатэрміновай перспектыве пацярпеламу ад землятрусу насельніцтву Сірыі спатрэбіцца дадатковая дапамога. Калі скончацца запасы, што будзе? Нам патрэбна міжнародная падтрымка, каб дапамагаць насельніцтву. Сірыя адна не можа зрабіць гэта пасля 12-ці гадоў вайны, бомбы беднасці, кавіду і землятрусу”, - сказаў інфармацыйнаму агенцтву італьянскага епіскапату Філіпа Агасціні, прадстаўнік дабрачыннай арганізацыі AVSI.
 

07 лютага 2023, 11:35