Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Касцёл у Турцыі: ахвярам стыхіі патрэбна дапамога свету

Без дапамогі Бога і людзей нам не вярнуцца да нармальнага жыцця, - адзначыў ксёндз Антуан Ілгіт, генеральны вікарый Анатоліі. 6 лютага 2023 года ў Турцыі адбыліся два моцных землятрусы, у выніку якіх загінулі і пацярпелі людзі, а таксама была знішчана інфраструктура.

Ян Глінскі

У інтэрв’ю італьянскаму агенцтву SIR святар падкрэсліў, што ахвярам стыхійнага бедства патрэбна дапамога свету: больш за тры тысячы дзяцей засталіся сіротамі, а мноства з тых, хто ўратаваўся, не маюць дзе жыць. “Ажно страшна падумаць, што б сталася, калі б пра нас забылі”, – дадаў ён. Аднаўленне інфраструктуры, як адзначыў генеральны вікарый, будзе працягвацца шмат гадоў.

Каталіцкая катэдра апостальскага вікарыяту Анатоліі, што знаходзілася ў Іскендэруне, ляжыць у руінах. Дыяцэзіяльны будынак, аднак, захаваўся. Сёння там адшукалі прытулак сто чалавек: не толькі католікі, але і сірыйскія хрысціяне, праваслаўныя, а таксама мусульмане. Гэтае памяшканне цяпер і сталовая, і месца для начлегу і месца, дзе цэлебруецца Эўхарыстыя.

Апостальскі вікарыят Анатоліі ўзначальвае біскуп Паола Біцэці. Землятрус заспеў яго ў Еўропе. Дзякуючы гэтаму цяпер ён можа арганізоўваць дапамогу для сваіх вернікаў у Турцыі. Па інфармацыі ксяндза Ілгіта, першая дапамога была дастаўлена праз іспанскі флот. На сёння Caritas Анатоліі кожны дзень выдае больш за тысячу пасілкаў.

На думку турэцкага святара, з актуальнай сітуацыі можна вынесці карысны ўрок: крызісная сітуацыя навучыла добраму супрацоўніцтву паміж дзяржавамі, і гэтым шляхам трэба ісці далей. “Палітычныя лідары павінны выбіраць не войны і падзелы, а мір і супрацоўніцтва. Калі так будзе, то мы падымемся з гэтай трагедыі, –дадаў душпастыр і адначасова прызнаўся, што адчувае сябе, як капітан на караблі, які тоне. – Мы знясіленыя, але застанемся са сваім народам, мы ведаем, што не можам яго пакінуць. Пан дасць нам сілы і дапаможа”.
 

18 лютага 2023, 08:55