Нунцый: Папа вызначыў арыенціры для Касцёла ў ДРК
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Апостальскі нунцый у Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга, арцыбіскуп Эторэ Балестрэра, падвёў вынікі нядаўняга падарожжа Святога Айца. На яго думку, дзякуючы Францішку, яна на тры дні стала не толькі краінай, скрываўленай узброенымі канфліктамі, у якой суседняя дзяржава хоча адарваць частку, багатую прыроднымі выкапнямі, але “сталіцай сусветнага Касцёла, сімвалам надзеі і жыццядайнасці, таксама для іншых каталіцкіх супольнасцей”.
Папскі дыпламат перакананы, што дзякуючы Пантыфіку, свет убачыў не толькі праблемы Конга, але таксама вялікую надзею, прадстаўленую моладдзю, якая складае тры чвэрці насельніцтва краіны. Пасля візіту Наступніка святога Пятра, інтэнсіўны рытм якога іерарх параўнаў з барабанным боем, Конга прагне пачаць “новы раздзел сваёй гісторыі прымірэння”.
Спасылаючыся на кранальныя сведчанні ахвяр насілля на Усходзе краіны, арцыбіскуп Балестрэра, заўважыў, што яны прадэманстравалі веру, уцелаўлёную ў сэрцах дзясятках мільёнаў людзей. Ватыканскі дыпламат звярнуў увагу на тое, што кангалезцы маюць пачуццё адказнасці за будучыню сваёй радзімы, а таксама падкрэсліў, што візіт Святога Айца стаў адной з самых масавых падзеі за ўсю гісторыю краіны.
Арцыбіскуп лічыць, што Папа вызначыў арыенціры для мясцовага Касцёла на бліжэйшыя дзесяцігоддзі, кіруючыся Евангеллем і запрашаючы прыняць яго ў якасці крытэрыя для жыцця, дзейнасці і служэння на карысць кангалезскага грамадства. У сувязі з гэтым іерарх высока ацаніў імкненне мясцовага епіскапату спрыяць больш глыбокаму знаёмству, вывучэнню і выкарыстанню ў катэхізацыі прамоў Святога Айца, якія прагучалі падчас візіту.
Нунцый нагадаў таксама пра значэнне, якое візіт мае для развіцця адносін паміж Каталіцкім Касцёлам і дзяржаўнымі ўладамі Дэмакратычнай Рэспублікі Конга. У прыватнасці ён адзначыў, што перад падарожжам Францішка былі падпісаны новыя пагадненні, якія прызнаюць кананічны статус мясцовага Касцёла, а таксама датычаць падатковых пытанняў, спрашчаюць дзейнасць Касцёла ў сферы аховы здароўя, адукацыі і душпастырства ў турмах.