Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Тыдзень у Беларусі – важнае

Агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

У свята Ахвяравання Пана біскуп Гродзенскі пажадаў кансэкраваным асобам быць "прарокамі нашых часоў". Падчас святой Імшы 2 лютага 2023 года ў катэдральным касцёле біскуп Аляксандр Кашкевіч заахвоціў прысутных маліцца за законнікаў і законніц. "Няхай яны дапамагаюць нам сустрэць і распазнаць Хрыста, які да нас прыходзіць. Каб мы здолелі прыняць Езуса як праўдзівае святло ў нашым жыцці, каб здолелі верна ісці за Яго святлом шляхам да вечнасці", – адзначыў ардынарый.

Саветнік Апостальскай Нунцыятуры ў Мінску мансеньёр Джон Джон Каларакал завяршае служэнне ў Беларусі. Па распараджэнні Дзяржаўнага Сакратарыяту Святога Пасаду, згодна з рашэннем папы Францішка, мансеньёр Каларакал з канца лютага працягне працу на дыпламатычнай службе Святога Айца ў Германіі. У Мінску ён служыў больш за паўгода – не толькі выконваў дыпламатычныя функцыі, але і дапамагаў у душпастырстве замежных студэнтаў.

У Іўі адбыўся ХХ фестываль калядных песень Gloria in excelsis Deo. 29 студзеня 2023 года творчы форум сабраў дзяцей і моладзь з усяго дэканату – каля 140 удзельнікаў. Фестываль пачаўся святой Імшой, якую цэлебраваў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, старшыня беларускай біскупскай канферэнцыі. Асаблівасцю сёлетняга фестывалю сталі не толькі музычныя нумары, але і тэатральнае выступленне.

Праз чатыры месяцы пасля закрыцця Чырвонага касцёла ў Мінску парафія святога Сымона і святой Алены звярнулася да старшыні Савета Рэспублікі беларускага парламента Наталлі Качанавай. Яе просяць паспрыяць у вяртанні святыні вернікам і аднаўленні парафіяльнага жыцця. Раней падобны зварот касцёльны камітэт накіроўваў да міністра замежных спраў Сяргея Алейніка, былога дыпламатычнага прадстаўніка Беларусі ў Ватыкане.

Свята ў гонар святога Яна Боско прайшло ў Смаргоні. 29 студзеня 2023 года ў араторыі пры парафіі святога Міхала Арханёла сабраліся дзеці, святую Імшу для якіх цэлебраваў ксёндз Артур Ляшнеўскі. Пасля Эўхарыстыі для дзяцей правялі забаўляльную праграму, якая ў гульнявой форме распавяла пра цікавыя моманты жыцця святога Яна Боско.

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.
 

04 лютага 2023, 09:01