Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Тыдзень у Беларусі – важнае

Агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

80-годдзе Росіцкай трагедыі ўзгадваюць у санктуарыі бласлаўлёных пакутнікаў Юрыя Кашыры і Антонія Ляшчэвіча. 18 лютага 2023 года сюды прыбылі пілігрымы з Віцебскай дыяцэзіі і іншых мясцін Беларусі. У праграме – адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту, святая Імша, працэсія на месца мучаніцтва.

У касцёлах Беларусі маліліся за пацярпелых пры землятрусе ў Турцыі і Сірыі, а таксама падчас вайны ва Украіне і ў іншых частках свету. З запрашэннем дадаць адпаведныя заклікі да малітвы вернікаў на нядзельных святых Імшах, а таксама правесці адмысловыя набажэнствы на працягу тыдня выступіў каталіцкі епіскапат.

У Навагрудку адбылася V Усебеларуская сустрэча маладых кансэкраваных асобаў. Падчас спаткання 13-15 лютага 2023 года ўдзельнікам прапанавалі майстар-класы, снежныя прыгоды, конкурсы. Духоўную частку сустрэчы складалі святая Імша, адарацыя, малітва пры саркафагу з рэліквіямі благаслаўлёных мучаніц – сясцёр назарэтанак і на месцы іх расстрэлу. Эўхарыстыю ў Фарным касцёле ўзначаліў біскуп Аляксандр Яшэўскi.

У Хрысціянскім сацыяльным цэнтры ў Мінску Сусветны дзень хворага адзначылі Імшой і канцэртам. 11 лютага 2023 года тут таксама ўдзялілі сакрамэнт хворых пажылым і нямоглым. Адным з кірункам дзейнасці сясцёр уршулянак, якія апякуюцца Цэнтрам, з’яўляецца дапамога хворым і церпячым.

У касцёле на станцыі Ашмяны адзначылі ўрачыстасць у гонар благаслаўлёнага Міхала Сапоцькі. Гэта святыня з’яўляецца адзінай у Беларусі, што мае тытул вядомага ураджэнца Валожынскага раёна – спаведніка і духоўнага кіраўніка святой Фаўстыны Кавальскай, які разам з ёю стаў апосталам Божай Міласэрнасці. 12 лютага 2023 года тут цэлебравалі святочную Эўхарыстую і ўшанавалі рэліквіі благаслаўлёнага.

Копіі цудадзейных абразоў Маці Божай сустрэлі ў каталіцкіх святынях Случчыны. 11 лютага 2023 года копіі найбольш шанаваных у Беларусі Марыйных абразоў, якія перэгрынуюць па парафіях краіны, прывіталі вернікі ў Старых Дарогах, а назаўтра – у Слуцку. У мясцовым касцёле яны прабудуць на працягу двух тыдняў.

Падрыхтавана паводле catholicnews.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.
 

18 лютага 2023, 09:02