Арцыбіскуп Георг Генсвайн Арцыбіскуп Георг Генсвайн 

Арцыбіскуп Генсвайн перадаў рымскай парафіі сутану Бэнэдыкта XVI

Шматгадовы асабісты сакратар Бэнэдыкта XVI, арцыбіскуп Георг Генсвайн, падарыў сутану спачылага Папы-эмерыта рымскай парафіі Санта-Марыя-Кансалятрычэ-аль-Тыбуртына.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“Бэнэдыкт XVI насіў яе на працягу доўгага часу, нават у мінулым годзе”, - падкрэсліў арцыбіскуп, дадаючы, што Папа-эмерыт заўсёды падтрымліваў духоўную блізкасць са сваёй тытулярнай парафіяй, да якой быў прывязаны яшчэ з 1977 года, калі атрымаў кардынальскую годнасць.

Іерарх зазначыў, што перадаючы сутану рымскай парафіяльнай супольнасці, ён спаўняе волю Ёзэфа Ратцынгера, выказаную ў яго тэстамэнце. Бэнэдыкт XVI адышоў у вечнасць 31 снежня 2022 года.

Арцыбіскуп Генсвайн нагадаў словы Папы-эмерыта, які часта казаў, што ў парафіі Санта-Марыя-Кансалятрычэ-аль-Тыбуртына заўсёды адчуваў сябе “як дома, як у сям’і, як айцец прыгожай, шматлюднай і плённай сям’і”. “Гэта была яго першая любоў, а да першай любові заўсёды вяртаешся ахвотна”, - дадаў нямецкі іерарх.

Пасля святой Імшы, якую былы асабісты сакратар Ёзэфа Ратцынгера правёў у парафіяльным касцёле, ён узначаліў цырымонію ўручэння комжаў новым міністрантам, а таксама блаславіў памятную табліцу на сцяне храма, якая была змешчана ўдзячнай парафіяльнай супольнасцю ў памяць пра Бэнэдыкта XVI.
 

20 сакавіка 2023, 10:51