Францішак падчас Імшы на завяршэнне 52-га Міжнароднага эўхарыстычнага кангрэса. Будапешт, 21.09.2012 Францішак падчас Імшы на завяршэнне 52-га Міжнароднага эўхарыстычнага кангрэса. Будапешт, 21.09.2012 

Біскупы Венгрыі пракаментавалі планы Папы наведаць іх краіну

Візіт Пантыфіка стане “вельмі важнай падзеяй не толькі для католікаў”, якія складаюць 37 працэнтаў грамадства, але “для ўсіх венграў” у краіне і за мяжой, - адзначыў старшыня біскупскай канферэнцыі Венгрыі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Біскуп Андраш Верэш растлумачыў, што з прычыны ўзросту Францішка, якому сёлета споўніцца 87 гадоў, паездка абмяжуецца толькі Будапештам. Ён запрасіў жыхароў і Венгрыі, і суседніх краін прыняць удзел у папскай Імшы 30 красавіка 2023 года.

Гэта вялікая радасць для нашага народа, - такімі словамі кардынал Пэтэр Эрдо пракаментаваў паведамленне аб візіце Францішка 28-30 красавіка 2023 года. Мітрапаліт Эстэргомска-Будапешцкі і Прымас Венгрыі звярнуў увагу на тое, што два гады таму Святы Айцец правёў толькі некалькі гадзін у Будапешце, дзе цэлебраваў Імшу на завяршэнне 52-га Міжнароднага эўхарыстычнага кангрэса з удзелам прадстаўнікоў 83 краін. На гэты раз ён прыедзе з пастырскім візітам, чаго венгры чакалі гадамі.

Генеральны сакратар епіскапату, ксёндз Томаш Тот адзначыў, што толькі нешматлікія краіны Папа наведвае двойчы. Ён таксама падкрэсліў “выдатную праграму” візіту Францішка, які сустрэнецца, між іншым, з уцекачамі з Украіны, якім дапамагае венгерская Caritas. Вялікія надзеі ўскладаюцца на яго сустрэчу з маладымі венграмі, якія змогуць з аднаго боку ўбачыць "сусветнае вымярэнне Касцёла", а з іншага – адчуць тое, што яны з'яўляюцца "часткай Паўсюднага Касцёла".
 

01 сакавіка 2023, 11:55